Афіцыйна: штам «дэльта» ў Беларусі


Рэзка павялічыліся колькасць новых выпадкаў каронавіруса ў Беларусі. У параўнанні з папярэднім днём – удвая больш выяўленых хворых.

У сталіцы зафіксавалі 10 выпадкаў заражэння індыйскім варыянтам каронавіруса.

Ён актыўна паражае маладых людзей. Пры заражэнні смак і пахі не знікаюць. Галаўныя болі, насмарк, кашаль і тэмпература – сімптомы, падобныя да звычайнай прастуды. Таму часта хворыя не надаюць свайму стану належнай увагі ды інфікуюць іншых. Паводле адмыслоўцаў, заражэнне «дэльтаю» часцей прыводзіць да шпіталізацыі пацыентаў.

«Ёсць падставы казаць, што гэты вірус больш заразны, лягчэй перадаецца ад чалавека да чалавека, і можа большая колькасць людзей заразіцца. І, уласна, развіць COVID-19», – кажа імунолаг з Украіны Фёдар Лапій.

Менавіта штам «дэльта» выклікаў трэцюю хвалю эпідэміі ў суседняй Расеі.

Жыхары Віцебску рэагуюць гэтак:

«Мяжа фактычна адкрыта, усё ідзе, усё плыве. Мы асцерагаемся».

«Дык у нас жа фактычна адна краіна, мяжы няма, канечне, прыйдзе».

«Я перахварэў, таму пакуль не баюся».

«Чаго баяцца, перажывем як-небудзь».

Пакуль няма статыстык, ці «дэльта» больш смяротная ў параўнанні з іншымі мутацыямі каронавіруса. Але ёсць звесткі, што ў Вялікай Брытаніі ад гэтага штаму паміралі нават вакцыянаваныя людзі. Аднак гэта не азначае, што не трэба рабіць прышчэпак. Эфект ад вакцыны ў выпадку «дэльты» хоць і меншы, але прышчэпка абараняе ад цяжкай формы хваробы. Гэта датычыць заходніх вакцынаў.

«Мы не можам казаць пра вакцыны, прыдуманыя ў РФ, якія выкарыстоўваць у Беларусі, таму што мы ведаем, што ў той краіне зараз цыркулюе і выклікаў успышкі менавіта гэты варыянт. Ці працуюць вакцыны супраць гэтага варыянту віруса і ці працуюць яны супраць іншых варыянтаў, на сённяшні дзень наўрад ці хто можа з упэўненасцю сказаць», – кажа ўкраінскі імунолаг Фёдар Лапій.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі прайшлі поўны курс вакцынацыі менш за 5 % насельніцтва (501,7 тыс. чалавек).

«Мы перахварэлі, таму нам трэба пачакаць пэўны час да вакцынацыі».

«Натуральна, не «Спутникам» і не кітайскай. А «BionTech» – натуральнай вакцынай. Будзем чакаць, калі Захад нам дапаможа».

«У Расеі прышчапіўся. Там адмысловыя аўты прыязджаюць хуткай дапамогі. І на вакзалах людзям прышчэпкі робяць».

«Шмат хто памірае пасля гэтай вакцыны. Лепш жыць нармальна без вакцынаў».

«Калі мы не будзем прышчапляцца, а будзем хадзіць як дэбілы, нічога не баяцца, то і мы будзем хварэць», – кажуць віцябляне.

У Расеі, дзе смяротнасць ад COVID-19 за апошні тыдзень вырасла на 21 %, уводзяць абмежаванні. У 11 рэгіёнах абвесцілі абавязковую вакцынацыю. Непрышчэпленым жыхарам могуць забараніць карыстацца грамадскім транспартам, хадзіць у рэстараны ды нават хадзіць на працу.

«Абавязкова будзем вакцыянавацца і як мага раней».

«Прышчэпкі – справа добраахвотная. Няправільна таварыш Сабянін гэта робіць».

«Як лічыць кіраўніцтва, так хай і будзе. Мы просты народ», – кажуць масквічы.

За ўвесь час пандэміі каронавірус выявілі ў 179 млн чалавек. А колькасць смяротных выпадкаў набліжаецца да 4 мільёнаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»