«Ваенны амулет». У Вільні адкрылася выстава ўкраінскіх фатографаў


Выстава складаецца з трох частак. Першая, зробленая фатографам Сяргеем Мельнічэнкам, распавядае пра антытэрарыстычную аперацыю на Данбасе ў 2014 годзе. Другая частка, аўтар якой – Андрэй Ламакін, расказвае пра ўзбраенне Украіны пасля ўварвання Расеі ў Крым. Трэцяя частка – гэта серыя фотаздымкаў Аляксея Харэя. Яна прысвечаная сучасным падзеям ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа.

Аляксей Харэй служыць у тэрытарыяльнай абароне і фатаграфуе падзеі, якія адбываюцца навокал. Ягоная серыя называецца «7». Серыя з братамі-блізнюкамі Сяргея Мельнічэнкі распавядае пра прызыў 2014 года і называецца «Ваенкамат». Упершыню гэтыя фотаздымкі паказалі пасля Майдану, у 2015-м. Серыя Андрэя Ламакіна пра ўзбраенне ўкраінцаў называецца «Амулет».

Ва Украіне няма закону аб захоўванні зброі ў дамах мірных жыхароў. Адзіная магчымасць займець зброю – гэта купіць паляўнічую стрэльбу. Пасля 2014 года ва Украіне прадалІ рэкордная колькасць стрэльбаў. Да сакавіка 2015 года 888 047 адзінак.

«Мы тут у Літве і, напэўна, у іншых краінах думаем, што вайна пачалася 24 лютага гэтага года. А для ўкраінцаў вайна пачалася ў 2014 годзе. І можа, мы гэтага не ўсведамлялі, а ў людзей ва Украіне былІ блізкія і родныя, хто ваяваў. Уся выстава – пра вайну, якая доўжыцца 8 гадоў», – кажа куратар выставы Дарус Вайчакаўскас.

Выстава праходзіць у віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Арганізатары называюць яе знакам салідарнасці з украінцамі.

«Культуру Украіны мала хто ведае, мала хто ўспрымае. У замежжы ведаюць славянскую расейскую. Нам здаецца, што гэта няправільна, таму мы хацелі прадставіць украінскіх фатографаў дзеля ўтварэння балансу», – распавядае супрацоўніца музею Паўліна Вітушчанка.

«Мы разумеем, што гэта акт салідарнасці. Важна, што гэта зрабілі беларусы. Бо мы ведаем, што афіцыйная беларуская ўлада робіць не тое, што хацелі б беларусы», – падзяліўся думкамі наведнік з Украіны Восіп.

За пару гадзінаў пасля адкрыцця выставу наведалі каля 50 чалавек. Убачыць фотаздымкі можна будзе да 19 ліпеня.

Алена Дубовік, «Белсат»