«Узятыя ў закладнікі». Суд не задаволіў апеляцыю па справе Дар‘і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай

Суддзі Менскага гарадскога суда Валянціна Зенькевіч, Алена Ананіч і Пётр Арлоў пакінулі вырак для Кацярыны Андрэевай і Дар‘і Чульцовай без зменаў: два гады калоніі агульнага рэжыму. Адвакаты плануюць падаваць наглядную скаргу на імя старшыні суда, калі не задаволяць – у Вярхоўны Суд Беларусі.

«На жаль, апеляцыйная інстанцыя не прыслухалася да нашых довадаў. На жаль, прысуд пакінулі ў моцы. Мы з гэтым, вядома, не згодныя. Мы маем намер абскардзіць прысуд у наглядчым парадку», – кажа адвакат Кацярыны Андрэевай Андрэй Мачалаў.

Паводле пракуроркі Вольгі Герасімовіч, дзяўчаты нібыта самі на судзе казалі, што былі ў месцы здзяйснення правапарушэння. Нібыта тая частка дарогі, на якой яны стаялі, была заблакаваная. І, маўляў, наагул – працавалі без акрэдытацыі. Што праўда, усё гэта пракурорка распавядала, седзячы спінай да залы, каб не было бачна ейнага твару.

«Не было вялікіх ілюзіяў наконт гэтага паседжання судовага. І Кацярына таксама мне перадавала з турмы, што яна не разлічвае, што нешта зменіць гэты суд, гэтая апеляцыйная скарга. Але, тым не менш, гэта ўсё роўна важна прадэманстраваць, зноў жа, на гэтай пляцоўцы, тое беззаконне, якое адбываецца сёння ў беларускіх судах, і той злачынны прысуд, які быў вынесены Кацярыне», – разважае муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш.

Мама Дар‘і Чульцовай Наталля Церабіленка кажа, таксама на лепшае і не спадзявалася. Заўтра ў яе мае адбыцца спатканне з дачкой.

«У мяне думкі ўвесь час толькі пра Дашу, Дашу, Дашу… Я жыву толькі Дашай. Мы нешта робім, робім на працы, ездзім на дачу, нібыта жывем. Але я сябе жывой не адчуваю. Такое пачуццё, быццам бы я сяджу побач з ёй і гэтым жыву», – кажа мама Дар‘і Чульцовай Наталля Церабіленка.

Журналістак затрымалі 15 лістапада. Сілавікі ўварваліся ў кватэру аднаго з дамоў на так званай плошчы Пераменаў у сталіцы. Адтуль Кацярына і Дар‘я працавалі – вялі жывы рэпартаж з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Маладзён памёр у шпітАлі пасля таго, як у двары яго моцна збілі асобы ў балаклавах. Невядомыя зразалі белыя і чырвоныя стужкі, а Раман спрабаваў іх абараніць.

Дзяўчат змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. 17-га лістапада суд Кастрычніцкага раёну даў па 7 содняў кожнай за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыі. Праз тры дні Кацю і Дашу абвінавацілі ўжо паводле крымінальнага артыкулу. Маўляў, журналісткі бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», што пацягнула за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту. Вырак дзяўчатам суддзя суда Фрунзенскага раёну Менску Наталля Бугук вынесла толькі на чацвёртым паседжанні. Віны журналісткі не прызналі.

«Яны, на наш погляд, узятыя ў закладнікі, як такая ахвяра, каб паказаць узровень ціску. Зразумела, што калі ўлады захочуць нейкага пацяплення на знешнім накірунку, ім трэба будзе вызваляць палітвязняў. І ў першую чаргу вызваляць журналістаў», – лічыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

У абарону Каці і Дашы выступілі беларускія недзяржаўныя арганізацыі, сусветныя, палітыкі, актывісты і праваабаронцы. Разам з журналісткаю Кацярынаю Барысевіч нашыя каляжанкі сталі лаўрэаткамі прэміі «Гонар журналістыкі». Яны застаюцца за кратамі ўжо 159 дзён. І Кацярына Андрэева, і Дар’я Чульцова маюць статус «схільныя да экстрэмізму». Падтрымаць дзяўчат можна лістом у жодзінскую турму або праз фонд «Зона салідарнасці».

А мы нагадваем пра тое, што вы можаце напісаць дзяўчатам лісты. Адрас вы бачыце на экране. Таксама дапамагчы матэрыяльна можна ўсім незалежным журналістам. Сродкі збірае фонд «Зона салідарнасці». Рэквізіты перад вамі.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама