Пагроза незалежнасці Беларусі застаецца


Каардынацыйная рада і дэпутаты Вярхоўнага савету 13-га склікання выступілі з адозвамі ў абарону незалежнасці Беларусі. Заявы прагучалі пасля ўчорашняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Крамлі. Чаму занепакоенасць захаваннем суверэнітэту з’явілася менавіта цяпер?

Нягледзячы на адсутнасць інфармацыі аб дамоўленасцях паміж Пуціным і Лукашэнкам Каардынацыйная рада выступіла з мемарандумам у абарону незалежнасці. Суверэнітэт Беларусі – найвышэйшая канстытуцыйная каштоўнасць і здабытак народу, а пагадненні з Лукашэнкам – юрыдычна нікчэмныя, заявілі і дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання.

«Я думаю, што абсалютна своечасова і Каардынацыйная рада і дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання робяць такія заявы. Людзі, будзьце пільнымі! Усё можа здарыцца! Непрагназуемы, некантралюемы правіцель – гэта выклік і пагроза і для Беларусі, і для грамадзянаў краіны, і для міжнароднай супольнасці», – адзначае дэпутат Вярхоўнага савету ХІІІ склікання Анатоль Лябедзька.

Пятая за апошнія 15 месяцаў сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі доўжылася 3 гадзіны і 55 хвілінаў.

Перад камерамі Лукашэнка ды Пуцін раскрытыкавалі Уладзіміра Зяленскага, казалі пра неабходнасць нарошчвання эканамічнай супрацы паміж Беларуссю і Расеяй.

«Я думаю, сэнс гэтых перамоваў быў наконт таго, што Крэмль лічыць, што Лукашэнка цяпер у такім слабым становішчы, што з яго можна віць вяроўкі. А Лукашэнка даказвае, што гэта зусім не так. Ён ўзяў тактыку саступаць ў нечым рытарычным і ідэалагічным, але не саступаць ў сур’ёзным. Напрыклад, ён падтрымаў пазіцыі Масквы наконт Украіны, словамі падтрымаў. Не думаю, што дзеяннямі нешта будзе. Ён лічыць, што «я нешта скажу пра пераварот, пра Украіну, і Крэмль ад мяне адчэпіцца», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Рашэнні ж па паглыбленне інтэграцыі зноў адкладзеныя. Пакуль на восень. Мінулая сустрэча ў Сочы два месяцы назад доўжылася шэсць гадзінаў. Аднак ні тады, ні цяпер прэс-службы абодвух кіраўнікоў пра дамоўленасці не паведамлялі.

«Пытанне пра дарожныя мапы, напрыклад. Яшчэ ў 19-м годзе Лукашэнка казаў, што 30 мапаў ужо абгавораныя, засталася 31-я. Зараз ён сказаў, 26–27 ёсць. 2–3 засталося. У гэтым сэнсе назіраецца пэўны рэгрэс. Так што чарговы раз можна выдыхнуць», – адзначыў Віталь Цыганкоў.

Са словаў Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна, учора пытанне аб размяшчэнні расейскай вайсковай базы ў Беларусі таксама не абмяркоўвалася. Інтрыгаю застаўся і анонс Лукашэнкі пра падпісанне самага важнага за чвэрць веку дэкрэту. Менавіта з ім звязвалі асцярогі аб беларуска-расейскай інтэграцыі. У Крамлі ж адзначылі, што нічога пра «прынцыповае рашэнне» Лукашэнкі ня ведаюць.

Ігар Станкевіч, «Белсат»