Захад патрабуе вызвалення палітвязняў, чыноўнікі Лукашэнкі шукаюць гітлераўцаў


Злучаныя Штаты патрабуюць тэрмінова вызваліць усіх без выключэння палітвязняў з беларускіх турмаў і пачаць дыялог аб мірным развязанні крызісу ў Беларусі. Уладзімір Макей, які ў апараце Лукашэнкі адказвае за дыпламатыю, патрабуе, каб Злучаныя Штаты не ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, маючы на ўвазе дзеянні сілавых структураў і судоў. Як развіваюцца стасункі на заходнім кірунку?

Сёння адбылася афіцыйная тэлефонная размова між Вашынгтонам і Менскам. Дарадца Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Дэрэк Шале пацвердзіў гатовасць даслаць амерыканскага амбасадара ў Беларусь ды звярнуў увагу Уладзіміра Макея на неабходнасць неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных, асабліва адзначыўшы тэрміновасць справы Ігара Лосіка – блогера і кансультанта радыё «Свабода».

«У тэлефоннай размове было заяўлена, што ЗША рашуча падтрымліваюць прапановы аб пачатку сапраўднага дыялогу між уладаю і палітычнай апазіцыяй з мэтай правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем у гэтым годзе», – паведаміў Дзяржаўны Дэпартамент ЗША.

Уладзімір Макей адказаў, што Злучаныя штаты неаб’ектыўна падыходзяць да сітуацыі ў Беларусі і спрабуюць ціснуць на суверэнную дзяржаву.

«Міністр звярнуў увагу, што шэраг заяваў амерыканскага боку зроблены як пад капірку. Макей таксама ўстрымаў суразмоўцу ад жадання ўздзейнічаць на працу праваахоўнай або судовай сістэмы Беларусі», – заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Сам факт гэтай размовы, як непасрэднага кантакту, у сённяшніх умовах – пазітыўны, адзначае доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная Сфера». Вашынгтон пазначае каштоўнасную пазіцыю – дэмакратычныя змены і свабода палітвязням у Беларусі. Афіцыйны Менск, аднак, фігурантаў палітычных справаў проста так не выпусціць, і ўзровень гвалту знізіць толькі ў абмен на штосьці.

«Яны не гатовыя да гэтага і будуць чакаць нейкіх саступак з амерыканскага боку, каб за гэтае вызваленне нешта атрымаць. Тое, што санкцыі будуць знятыя, або каб фінансавыя механізмы былі запушчаныя», – кажа Андрэй Казакевіч.

Патрабаванні ЗША, Канады і Еўразвязу цалкам супадаюць. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі мусіць тэрмінова спыніць гвалт і пайсці на перамовы з апазіцыяй, каб у Беларусі яшчэ сёлета адбыліся выбары з удзелам міжнародных назіральнікаў.

«Толькі нармальным шляхам выбараў можна развязаць сённяшнія праблемы Беларусі. І я думаю, што такая пазіцыя ўсёй міжнароднай супольнасці», – мяркуе віцэ-старшыня сенату Польшчы Міхал Томаш Каміньскі.

«Галоўнае, пачаць перамовы. Па-мойму, падчас перамоваў і высветліцца, наколькі ён яшчэ кантралюе сітуацыю, і наколькі яму гаспадары з Крамля прадбачаць нейкую будучыню», – упэўнены Пятрас Аўштравічус, спавяшчальнік Еўрапарламенту ў справе Беларусі.

25 і 26 сакавіка ў Бруселі пройдзе саміт Еўразвязу ў фармаце відэаканферэнцыі, і пытанне «што рабіць з сітуацыяй у Беларусі» застаецца адным з найважнейшых.

«У Захаду ёсць механізмы ўплыву на Беларусь, але іх няшмат. Прынамсі, пры падтрымцы Расеі, і знешнеэканамічнай, гэтых механізмаў будзе недастаткова, каб хутка і ўжо сёлета паўплываць на сітуацыю ў Беларусі станоўчым чынам», – каментуе Андрэй Казакевіч.

Гэта адбываецца на фоне дыпламатычнага канфлікту з Польшчай, ініцыяванага беларускімі пракурорамі і ведамствам Уладзіміра Макея, нібыта польскія дыпламаты ў Беларусі распальваюць варожасць і апраўдваюць ваенных злачынцаў. А дзяржаўная прапаганда Лукашэнкі наўпрост звязвае ўсе краіны Захаду, нацыянальны сцяг Беларусі і мірныя пратэсты з дзеяннямі гітлераўскіх войскаў.

«Хто свядома спрабуе ўзнавіць сімвалы нацызму. Хай гэта адзінкі. Як кажуць, у сямʼі не без урода… Хто гераізуе забойцаў. Хто пакланяецца бчб-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму свету, што такое генацыд», – заявіў Лукашэнка, наведваючы мемарыял Хатынь.

Сёння прыхільнікі Лукашэнкі пікетавалі амбасады ЗША і Украіны – чамусьці супраць каляровых рэвалюцыяў і апраўдання нацызму. А ў Палаце Прадстаўнікоў прайшла навукова-практычная канферэнцыя дэпутатаў на тэму «Гістарычная памяць і патрыятызм – найважнейшыя арыентыры беларускага грамадства і дзяржавы» з удзелам Дзмітрыя Мезенцава – новага сакратара так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».