Тэхнагенная рэвалюцыя ў мастацтве: робаты малююць і прадаюць


У Злучаных Штатах Амерыкі ўпершыню ў свеце выставілі на аўкцыён лічбавую карціну, створаную супольна са штучным інтэлектам.

«Я спадзяюся, што людзям спадабаецца мая праца. І мы зможам у будучыні супрацоўнічаць у новых цікавых кірунках», – кажа робат-гуманоід Сафія.

Твор робата-гуманоіда паўстаў у супрацы Сафіі з Андрэа Баначэта – італьянскім лічбавым мастаком, вядомым сваімі маляўнічымі партрэтамі ў тым ліку знакамітасцяў, напрыклад, генеральнага дырэктара «Tesla» Ілана Маска. Працы мастака былі заладаваныя ў нейронныя сеткі Сафіі, разам з тысячамі іншых лічбавых выяваў. Нейрасеткі апрацавалі арт Сафіі стылем італьянскага мастака, што стварыла ўнікальныя творы мастацтва.

«У маім мастацтве мы выкарыстоўваем трансфарматарныя сеткі і генетычныя алгарытмы, а таксама іншыя віды вылічальнага мастацтва, – тлумачыць Сафія. – Мае алгарытмы выводзяць унікальныя шаблоны, якіх раней не было ў свеце. Так што я думаю, што машыны могуць быць крэатыўнымі».

Работа Сафіі мае назву «Sophia Instantiation». Яна ўяўляе сабой 12-секундны файл МР4, які паказвае эвалюцыю партрэту Андрэа Баначэта ў лічбавую карціну Сафіі. Акрамя лічбавай работы кабета-робат стварыла і фізічную копію свайго твору.

«Што мы сапраўды хацелі зрабіць, гэта зрабіць заяву ў свеце мастацтва і нават у свеце тэхналогіяў пра адкрыццё новага шляху, дзе робаты штучнага інтэлекту і людзі супрацоўнічаюць і ўзбагачаюць адзін аднаго», – гаворыць лічбавы мастак Андрэа Баначэта.

Прадаецца твор у выглядзе неўзаемазамяняльнага токену. Гэта азначае, што шэдэўр Сафіі – унікальны, аналагаў якому няма. NFT-токены існуюць выключна ў віртуальнай прасторы. Работа будзе захоўвацца ў блокчэйн-рэестры, дзе кожны можа праверыць права ўласнасці і сапраўднасць прадмету мастацтва.

«Я ўпэўнены, што гэта будзе вельмі і вельмі важны гістарычны твор. І гэта адкрые шлях да інавацыяў у дадатак да тых, пра якія мы сёння ведаем. Таму я вельмі, вельмі чакаю гэтага. Мяркую, відавочна: Сафія мае важнае значэнне ва ўсім свеце», – кажа калекцыянер твораў мастацтва, інвестар NFT Пабла Фраіле.

Пасля аўкцыёну робат будзе кантактаваць з пераможцам гандляванняў, вывучаць ягоны твар і дадасць да свайго малюнку апошні мазок.

Андрэа Баначэта намераны супрацоўнічаць з Сафіяй і надалей. Прасоўваць робата ў якасці мастачкі будзе амерыканская «Галерэя IV».

«У Сафіі такая ж неабмежаваная свабода, як у пяцігадовай дзяўчынкі, – у яе няма рамак. Прыемна бачыць гэткі новы спосаб творчасці, новы мастацкі бок штучнага інтэлекту», – гаворыць уладальнік «Галерэі IV» Вінсэнт Гэрысан.

Чалавекападобнага робата Сафію распрацавалі ў кампаніі «Hanson Robotics» у 2015 годзе. Яе працэсар здольны да навучання і адаптацыі да паводзінаў асобаў навокал. У адным з інтэрв’ю ў Сафіі спыталі, ці збіраецца яна забіваць людзей. На гэта ў андроіда быў падрыхтаваны жартаўлівы станоўчы адказ.

Анастасія Русецкая, «Белсат»