Два гады за дзве поўхі Азаронку?


Дала дзве поўхі журналісту СТВ Грыгорыю Азаронку. Суд Фрунзенскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. Яна сваю віну прызнала: маўляў, была ўзрушаная, не захавала фізічных межаў. Здарэнне адбылося 15 лістапада падчас маршу памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

«Яна проста расказала, як ёсць, і гэтае як ёсць – яно не прыніжае, нават гэтае прыняцце віны ў той частцы, што так – я ўдарыла чалавека, але зрабіла гэта таму, што мне падалося, што ён прынізіў ўсіх гэтых людзей і жалобу гэтых людзей, і абясцэніў», – каментуе прысутная на судзе паэтка і перакладчыца Ганна Комар.

На судзе Азаронак пацвердзіў, што меў сумневы наконт шчырасці пратэстоўцаў. Але падкрэсліў, што ён не мае прэтэнзіяў да абвінавачанай. Маўляў, ён не пакрыўджаны. Да таго супрацоўнік СТВ хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу Вольгі Калацкай.

«Азаронак увесь час намякае, што нічога б не адбылося, калі б незарэгістраваны зарубежны тэлеграм-канал не выклаў відэа, што фактычна пераводзіць стрэлкі на тое што ў злачынствах вінаватыя заходнія лялькаводы», – лічыць паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч.

Як сцвярджаюць Вользіны калегі, яна перакладчыца высокага класу, якая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг. Працэс працягнецца 24 сакавіка.

Вярхоўны Суд сёння працягнуў разгляд справы «Белгазпрамбанку». На пачатку паседжання Віктар Бабарыка прасіў дазволу выступіць з заяваю. І атрымаў адмову. На знак пратэсту Бабарыка заявіў адвод суддзі.

«Сёння ніводнага хадайніцтва не атрымалася падаць, бо суд фактычна забараніў іх рабіць. Наколькі я разумею, ён увогуле не будзе дазваляць ні Віктару Бабарыку, ні ягоным абаронцам звяртацца ні ў вуснай, ні ў пісьмовай форме. І насамрэч я такое сустракаю ўпершыню», – патлумачыў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

У судзе Першамайскага раёну Менску працягнуўся разгляд крымінальнай справы Віктара Сядова. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках летась у жніўні. Віну Віктар прызнаў часткова, а матэрыяльны пазоў ад «Менсктрансу» памерам 19 тысяч рублёў цалкам адпрэчыў. Пракурор Зубко запытаў для Сядова 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам абвінавачаны просіць суд улічыць, што мае хранічнае захворванне і трох непаўнагадовых дзяцей на ўтрыманні.

Паводле таго ж артыкулу – удзел у масавых беспарадках – судзяць адразу 14 жыхароў Пінску. Вядома, што ўвечары 9 жніўня жыхары Пінску сабраліся пад сваім гарвыканкамам, каб даведацца вынікі выбараў. Хутка сілавікі пачалі ачапляць пінчукоў, пачалася бойка, былі пацярпелыя.

«Калі б людзі рэальна, як кажуць у нас дзяржаўныя СМІ, збіраліся захопліваць выканкам, некага збіваць, то яны б не спыніліся. Бо ў той момант, калі міліцыянты адступілі, людзі проста кінуліся ўцякаць. Яны не сталі браць штурмам будынак выканкаму, яны не сталі нікога катаваць і захопліваць, яны проста разышліся па дамах», – нагадвае праваабаронца Вераніка Іванова.

Справу пінчукоў разглядае суд Маскоўскага раёну Берасця. Не ўсе журналісты недзяржаўных медыяў і сябры абвінавачаных трапілі на паседжанне.

«Я думаю, што яны апасаліся грамадскага рэзанансу, бо горад Пінск сам па сабе невялікі і дастаткова актыўны, усе адзін аднаго ведаюць, і калі б суды адбываліся пад Пінскам, то там быў бы беспрэцэдэнтны натоўп. Бо нават тут прыехала шмат людзей, і не ўсе змаглі трапіць у залу пасяджэнняў», – кажа праваабаронца Вераніка Іванова.

Паводле Следчага камітэту, дзясятая частка ўсіх крымінальных справаў у Менску за студзень і люты датычыць масавых беспарадкаў. Сёння ў Беларусі 298 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Ірына Карніенка, «Белсат»