Банкі прапануюць беларусам крэдыты пад вялізарныя адсоткі


Спачатку «Беларусбанк», а цяпер і падкантрольны дзяржаве «Белаграпрамбанк» абвесціў пра выдачу спажывецкіх крэдытаў на новых умовах. Без валютных дэпазітаў і на якія заўгодна тавары. Што праўда, вярнуць банкам давядзецца 25 адсоткаў гадавых.

Жыхары Віцебску:

«Ну, гэта шмат. Не толькі для мяне. Мне здаецца, што для ўсіх гэта непад’ёмна».

«Набяруць крэдытаў, а з чаго пасля аддаваць, заробкі ж ніякія?»

«Калі браць, напрыклад, на нейкую нерухомасць, гэта дастаткова вялікія тады грошы. Усё залежыць ад матэрыяльнага стану людзей».

«Вось раней кватэру пяціадсоткавы крэдыт быў. Гэта аптымальна выплаціць».

Летась, пры ваганні курсу замежных валютаў, банкі пачалі згортваць выдачу крэдытаў на пакупку аўтамабіляў і кватэраў. У тых жа, хто захаваў ці аднавіў праграмы, дыяпазон ставак складаў да 32-ух адсоткаў для пакупкі аўтамабіля, і да 20-ці – на жытло.

«Узровень крэдыту, які фактычна абазначае або даўгавую пастку, або забарону на крэдытаванне менавіта пад гэтыя мэты. Толькі чалавек, які не мае фінансавай граматнасці, не ведае, колькі трэба грошай аддаць, каб набыць гэтую рэч пад гэтыя адсоткі», – мяркуе кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Тэарэтычна паслуга такога віду крэдытавання – дасяжная, на практыцы – наўрад ці знойдуцца ахвотныя пераплачваць за тавар двойчы ці тройчы. А таму 25-адсоткавыя пазыкі «Беларусбанку» і «Белаграпрамбанку» могуць быць уведзеныя для справаздачы перад урадам, мяркуе Яраслаў Раманчук. У іншым жа выпадку крэдытор можа сябе страхаваць ад інфляцыі і дэвальвацыі.

«Калі браць эканамістаў, бухгалтараў, фінансістаў, якія працуюць у вытворчасці ці бізнесе, яны ўсе ацэньваюць свае дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні як вельмі высокія», – мяркуе эканаміст Сяргей Жбанаў.

У лютым паскорыўся рост інфляцыі, павялічыўшыся на адсотак за месяц (8,7 %). У адказ Нацыянальны банк не стаў мяняць стаўку рэфінансавання, каб не павялічваць нагрузкі на закрэдытаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Там гэтая логіка працуе, але, калі мы кажам пра насельніцтва, то ўжо ніхто не аперыруе, там аперыруюць жаданнямі: я хачу, я пайду і набуду. Там рацыянальнасць прыняцця рашэнняў вельмі складана знайсці», – мяркуе эканаміст Сяргей Жбанаў.

Прынамсі ад 2012 года ў беларусаў працуе рацыянальнасць іншага кшталту. Паводле афіцыйнай статыстыкі, харчы, алкаголь і цыгарэты для сярэднестатыстычнага беларуса складаюць амаль 40 адсоткаў ад усіх выдаткаў. Гэта прыкладна ўдвая больш, чым у краінах Усходняе Еўропы.

Юлія Лабанава, «Белсат»