Ва Украіне ўводзяць надзвычайнае становішча. У Данецкай і Луганскай вобласцях хочуць увесці вайсковае


З заўтрашняга дня ва Украіне пачне дзеяць надзвычайнае становішча. Адпаведную прапанову вылучыў Савет нацыянальнай бяспекі і абароны, ухваліла – Вярхоўная Рада.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Азначае проста ўзмоцненую працу ўнутраных абарончых ведамстваў. У тым ліку Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, паліцыі, сілаў Нацыянальнай гвардыі ды іншых. Вось я цяпер рухаюся па Украіне. За 100 кіламетраў я налічыў каля 30 ці 40 пастоў з паліцыянтамі», – кажа вайсковы эксперт фонду «Вярніся жывым» Андрэй Рымарук.

Якія захады прадугледжаныя надзвычайным становішчам, пакуль невядома. Не выключаецца, што будзе дзеяць каменданцкая гадзіна. Канчатковыя рашэнні – за рэгіянальнай уладаю. Надзвычайнае становішча прапаноўваюць увесці па ўсёй тэрыторыі Украіны, акрамя Данецкай і Луганскай вобласцяў. У гэтых рэгіёнах, калі пагодзіцца прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі, увядуць ваеннае становішча. Адпаведны праект учора зарэгістравалі ў Вярхоўнай Радзе.

«Ужо другія содні запар акупацыйныя войскі, у тым ліку Расейскай Федэрацыі, спрабуюць прарваць лінію абароны з ужываннем цяжкога ўзбраення. Ідзе артылерыйскі налёт, і адразу ж танкамі і баявымі машынамі пяхоты намагаюцца прарваць лінію размежавання», – распавядае пра сітуацыю Андрэй Рымарук.

На лініі размежавання – паміж акупаванай тэрыторыяй Луганскага і Данецкага рэгіёнаў і той, што кантралюе Украіна, не сціхаюць абстрэлы. За содні пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў абстрэльвалі 96 разоў, у тым ліку з цяжкога ўзбраення. Услед за горадам Шчасце Луганскай вобласці, двума пакетамі рэактыўнай сістэмы «Град» абстралялі паселішча Муратава. Украінская выведка паведамляе: сітуацыя абвастраецца з кожным днём.

«Існуе кірунак пагрозы. Гэта нават не поўнач з нашага боку, а гэта так званая шэрая зона так званай акупаванай тэрыторыі да, уласна, нават Харкаўскай вобласці», – лічыць палітолаг Андрэй Рудык.

Яшчэ адзін небяспечны кірунак – мяжа з Беларуссю. На гэтай тэрыторыі дзеюць дадатковыя абмежаванні: ужо амаль два тыдні ўезд для нашых грамадзянаў на тэрыторыю Украіны забаронены. На памежжы нельга заставацца ўначы, выходзіць на плавальных сродках з пунктаў базавання, карыстацца не зарэгістраванымі ў адпаведным рэестры аўтадарогамі, якія вядуць да мяжы. Ці дапускае Украіна магчымасць уварвання з боку Беларусі?

«Такі варыянт мы праглядаем, але, улічваючы пазіцыю самой беларускай улады і магчымыя для яе рызыкі – не толькі нават палітычныя, але і эканамічныя ў тым ліку – Беларусь будзе да апошняга адцягваць і ў прынцыпе спрабаваць зрабіць такі сцэнар немагчымым», – кажа Андрэй Рудык.

Тым часам Беларусь рыхтуецца да, цытата, «самага маштабнага і фінансава ёмістага» рашэння: цягам некалькіх гадоў плануецца закупіць узбраенне і вайсковую тэхніку, кажа беларускі прэм‘ер Раман Галоўчанка. У словах жа міністра абароны Віктара Хрэніна гучыць адчай. А яшчэ нядаўна ён запэўніваў свайго ўкраінскага калегу Аляксея Рэзнікава, што Беларусь не ініцыявала канфлікту з Украінай.

«Што нам застаецца, невялікай такой дзяржаве і такому народу, як мы? Я лічу, толькі аб’яднацца, згуртавацца вакол моцнага нашага лідара, нашага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», – казаў сёння міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Учора амерыканскія спадарожнікі зафіксавалі новую расейскую тэхніку ў памежным з Украінаю Гомельскім рэгіёне. Звыш ста адзінак на аэрадроме блізу вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага раёну. У Ельскім раёне заўважаюць войскі Нацыянальная гвардыя Расеі з Чачэніі. У Рэчыцкім – калону аўтобусаў з вайсковымі медыкамі.

«Трымаць войскі на гэтай тэрыторыі – гэта стратэгічная задача Крамля. Каб ствараць такое напружанне, каб расцягваць украінскія вайсковыя сілы, каб ствараць ім такое ўражанне абложанай крэпасці, прынамсі з трох бакоў», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Украіна ўзмацняе сваю абарону. Адпаведны ўказ учора падпісаў прэзідэнт Зяленскі. 36 тысяч мужчынаў, якія раней праходзілі вайсковую падрыхтоўку, прызываюцца на службу ва ўкраінскую армію.

Надзея Бельская, «Белсат»