«Гэты рэферэндум – асіметрычны адказ беларускіх уладаў на запыт беларускага грамадства ў жніўні 2020 года»


Чым бліжэйшая дата, тым вышэйшы градус. Градус патрыятызму рэжымнага ўзору, у якім – пафас, чырвона-зялёныя колеры, пастановачныя фота і відэа ад «працоўных калектываў», воклічы чыноўнікаў «мы не баімся» ў адказ на заклікі не фальсіфікаваць вынікаў рэферэндуму. Навошта гэткая актыўнасць так званым пераможцам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітолаг Павел Мацукевіч кажа: «Гэты рэферэндум – асіметрычны адказ беларускіх уладаў на запыт беларускага грамадства, які адбыўся ў жніўні 2020 года. Лукашэнка часта казаў: вы хочаце пераменаў. Вось вам яны».

Але ж якія тут перамены? Людзей традыцыйна скіроўваюць на датэрміновае галасаванне. Іншыя – зазнаюць рэпрэсіі. Гаворка пра тых, хто захацеў быць незалежным назіральнікам на рэферэндуме або проста «задае шмат пытанняў». Паводле палітолага Паўла Мацукевіча, правядзенне так званага рэферэндуму – не што іншае, як юрыдычна і лагічна нікчэмная спроба ўласнай легітымізацыі рэжыму:

«Калі лічыць, што выбары былі сфальсіфікаваныя, а яны былі сфальсіфікаваныя, значыць мы маем справу з нелегітымнымі ўладамі і, адпаведна, любыя мерапрыемствы, якія праводзяць гэтыя ўлады, з’яўляюцца нелегітымнымі. Найперш такія маштабныя, як рэферэндум».

Палітолаг і дацэнт ЕГУ Уладзіслаў Іваноў кажа, што рэжым робіць рэферэндум выключнага для «ўнутранага спажывання». Лукашэнка разумее, што ніводная краіна Еўразвязу і ЗША яго вынікаў не прызнаюць. Паводле Уладзіслава:

«Відавочна, рэферэндум робіцца для вузкай катэгорыі, для праўладных элітаў, рэжымнікаў, як мы іх называем, і самога спадара Лукашэнкі».

Фармальныя ж вынікі рэферэндуму аб канстытуцыі, кажа Уладзіслаў Іваноў, не маюць асаблівага значэння. Рэжым не выконвае дзейнай канстытуцыі, не будзе выконваць і новай. Аднак значэнне ёсць для ўдзельнікаў фальсіфікацыяў: рана ці позна ім прыйдзецца адказваць перад законам, кажа Уладзіслаў Іваноў:

«Я думаю, вельмі важна ідэя абнародавання імёнаў, прозвішчаў калабарантаў альбо ўдзельнікаў камісій, якія ўдзельнічаюць у рэферэндуме. Таму што зараз дадзеныя афіцыйна хаваюцца. З гэтым трэба працаваць».

Палітолагі сыходзяцца ў меркаванні, што ніякай кансалідацыі грамадства вакол рэжыму, дзякуючы гэтаму рэферэндуму, не адбудзецца. Бо 9 жніўня 2020 года беларускі народ ужо зрабіў свой выбар і паказаў усяму свету, што больш не жадае гэтае ўлады.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»