З Днём абаронцаў айчыны Лукашэнка павіншаваў сілавікоў, а Ціханоўская – герояў пераменаў


23-га лютага – дзень мужнасці, гераізму ці перажытак бальшавіцкай прапаганды? Гэта не беларуская традыцыя, свята нам чужое. Але сёння з Днём абаронцаў айчыны Лукашэнка павіншаваў сілавікоў, а Святлана Ціханоўская – герояў пераменаў. Няўжо ў нашай гісторыі няма іншай даты, больш адпаведнай нагоды, каб віншаваць мужчын, каб узгадваць сапраўдны гераізм беларусаў?

23-га лютага. Мітынг прыхільнікаў дзейнага рэжыму на Плошчы Перамогі ў сталіцы. Тут і сучасны расейскі сцяг, і серп з молатам. Партрэты Леніна, Сталіна ды расцяжка бессмяротнага палка. Курс на захаванне савецкіх традыцыяў і інтэграцыю з Расеяй Аляксандр Лукашэнка ўзяў адразу пасля прыходу да ўлады.

«У Беларусі шмат такіх традыцый, якія працягваюцца з савецкіх часоў, пачынаючы ад назваў вуліц і скочваючы святамі. Усё гэта савецкія традыцыі. Калі ў 1991-ым годзе здавалася, што ўсё гэта хутка адамрэ, то наадварот у свой час улада ўзяла гэта на ўзбраенне і вырашыла працягваць гэтыя савецкія традыцыі», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Другая справа, што значная частка беларусаў жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы – перадусім праз тэлебачанне, успрымаючы расейскія святы як свае. Менчукі разважаюць:

«У мяне ёсць муж і двое сыноў. Безумоўна для мяне гэта свята».

«Гэта вельмі цудоўнае савецкае свята. Я былы ваеннаслужачы і цалкам яго падтрымліваю, падабаецца вам гэта ці не!»

«Я заўжды віншую свайго бацьку, бо ён служыў у Германіі і для яго гэта важна. Але не віншую брата, бо лічу, што не варта пераўтвараць свята ў дзень усіх мужчын».

«Свята стала прынамсі для маёй сям’і больш адмоўным, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, бо ў іх бралі ўдзел у тым ліку і вайскоўцы».

Вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер павіншаваў абаронцаў «Са святам 23/34 лютага»… 23.34 – артыкул адміністратыўнага кодэксу Беларусі – парушэнне парадку і правядзення масавых мерапрыемстваў, паводле якога пасля выбараў дзясяткі тысяч беларусаў прыцягвалі да адказнасці.

Затрыманні і здзекі над апазіцыяй ажыццяўляюцца дагэтуль рукамі сілавікоў, якія сёння таксама святкуюць «Дзень абаронцы айчыны».

Калі зазірнуць у гісторыю, то свята 23-га лютага з’явілася ў 1922 годзе як Дзень Чырвонай арміі. У 1945 перайменавалі ў Дзень Савецкай арміі. У 49-ым годзе пашырылі да Дню Савецкай арміі і ваенна-марскога флоту. А пасля распаду СССР далі нейтральную назву – Дзень абаронцаў айчыны. Пытанне якіх абаронцаў і якой айчыны…

«23-га лютага пад Нарваю і Псковам нямецкім акупантам далі рашучы адпор» – «тэзіс для прапагандыстаў», прапанаваны тады наўпрост Іосіфам Сталіным. Гісторык Ігар Кузняцоў у ліку іншых калегаў даследнікаў, кажа – ніякай перамогі не было:

«Бальшавікі разбурылі армію, яны знішчылі афіцэрства і ў выніку не было арміі, якая можа супрацьстаяць Германіі. Самае галоўнае, што тэрыторыя Беларусі была акупаваная. Праз некалькі дзён пачалася нямецкая акупацыя. Потым – у 1920-ым годзе яна змянілася на польскую акупацыю. Таму гэтая дата – дзень ганьбы».

Але гаварыць пра гэта афіцыйна будуць не пры гэтай уладзе. Віталь Цыганкоў зазірае ў будучыню:

«Можна будзе патлумачыць людзям, чаму гэтае свята не мае дачынення да Беларусі. Канешне будзе пэўная інерцыя, людзі будуць абурацца, маўляў гэта такая традыцыя, нават без палітыкі, што мужчынскі дзень, але як я ўжо казаў – ёсць альтэрнатывы, іх можна прапанаваць».

Сярод прапановаў аналітыкаў – у якасці мужчынскага свята мог бы прыжыцца Міжнародны дзень таты, які святкуюць у трэцюю нядзелю чэрвеня. Абаронцаў айчыны ж можна віншаваць у іншую дату – напрыклад у агульнаславянскі дзень Бітвы пад Грунвальдам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»