220 за гадзіну. Як беларусы збіраюць подпісы супраць падатку «на дармаедства»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=WQi4g4tzp-o”][vc_column_text]За адмену закону падпісваюцца тыя, хто не можа знайсці працу, маладыя маці ды проста неабыякавыя.

Ранішні збор подпісаў супраць гэтак званага дэкрэту аб дармаедстве ў сталіцы можа прэтэндаваць на рэкорды – актывісты атрымалі за гадзіну 220 подпісаў. Падатак закрануў за жывое нават самых апалітычных людзей. Толькі ў Менску «лісты шчасця» атрымалі 106 тысячаў асобаў.

Ініцыятар збору – Анатоль Лябедзька з Аб’яднанай грамадзянскай партыі – зарганізаваў на акаўнце ў «Аднакласніках» апытанне. Супраць дэкрэту цягам чатырох дзён прагаласавалі амаль 45 тыс. чалавек.

Ужывую ж на Камароўцы людзі скардзяцца, што знайсці працу – зачастую немагчыма нават з некалькімі вышэйшымі адукацыямі. Найбольш жа пакрыўдзіла дзяржава маладых маці.

«У нас маленькае дзіця, яно хваравітае. У нас няма магчымасці хадзіць на працу і вадзіць у сад. Таму я лічу што гэта няправільна: мама – гэта праца, і праца кругласуткавая», – кажа ў размове з намі жыхарка Менску.

У старшыні АГП сваё бачанне, як закрыць дзіркі ў бюджэце, апроч як з падатку для і без таго слабых групаў грамадзянаў.

«Давайце не будаваць рэзідэнцыяў коштам $ 500 млн, – прапануе Лябедзька. – Давайце гэтыя грошы накіруем на стварэнне новых працоўных месцаў. Давайце закупім станкі, абсталяванне, тэхналогіі. І хай людзі туды прыдуць і зарабляюць грошы».

Працягваецца збор подпісаў і ў рэгіёнах. Паводле намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, які каардынуе збор у Гомлі, ініцыятыва супраціву дэкрэту № 3 зыходзіць знізу.

«Улады з гэтага нічога не атрымаюць, акрамя абурэння людзей, – лічыць Палякоў. – А нейкіх дывідэндаў у апазіцыі атрымаць не атрымаецца, бо гэта не такая доўгатэрміновая акцыя».

У Баранавічах адзін Мікола Чарнавус-малодшы сабраў больш за паўтысячы подпісаў нязгодных. Ягоны бацька днямі браў удзел у Беларускім нацыянальным кангрэсе. Там вырашылі з сабранымі подпісамі рушыць у Менск у лютым.

«Выйсці на плошчу Кастрычніцкую з караваем, з просьбай да Лукашэнкі з просьбай, каб ён скасаваў гэты ўказ і з усімі подпісамі, якія валанцёры збяруць за месяц, – кажа Чарнавус-старэйшы. – Мы да яго з хлебам, а калі ён у нас – каменем, то ён атрымае адказ».

Акцыю плануюць на 17-га лютага, падатак жа, паводле дэкрэту Лукашэнкі, трэба аплаціць да 20-га.

Марына Вашкевіч