За збіты самалёт патрабуюць пажыццёвы тэрмін


Пракуратура Нідэрландаў запатрабавала пажыццёвы тэрмін зняволення для чацвярых фігурантаў справы аб катастрофе самалёта «Малайзійскіх авіялініяў», збітага ў небе над Данбасам у 2014-м годзе. Абвінаваўчы акт пракурорка зачытвала тры дні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы патрабуем, каб Гіркін, Дубінскі, Пулатаў і Харчанка былі асуджаныя кожны паасобку за супольнае збіццё самалёта, якое пацягнула за сабой смерць двухсот дзевяноста васьмі чалавек на борце. Тэрмін зняволення мусіць быць пажыццёвым», – кажа пракурорка Манон Рыдэрбэркс.

Абвінавачаныя ў справе – былы афіцэр ФСБ Ігар Гіркін, які на той час займаў пасаду «міністра абароны» самаабвешчанай ДНР, а таксама трое яго падначаленых: Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў і Леанід Харчанка. Але фізічна на лаве падсудных нікога з іх няма – усіх судзяць завочна. Сваякоў ахвяраў авіякатастрофы рэпрэзентуюць 9 адвакатаў. Пракуратура прапанавала прызначыць кампенсацыі сем’ям загінулых ад 30 да 40 тысяч еўраў.

«Следства ў справе MH17 не знайшло ніякіх слядоў іншай зброі, якою мог быць збіты самалёт, акрамя зенітна-ракетнага комплексу “Бук”», – кажа Манон Рыдэрбэркс.

Словы пракурора пацвярджае экспертыза. У заключэнні абвінавачання таксама паведамляецца, што самалёт збілі з зенітна-ракетнага комплексу «Бук», які быў у падпарадкаванні менавіта 53-й брыгады супрацьпаветранай абароны Расейскіх узброеных сілаў у Курску і які даставілі на тэрыторыю непрызнанай Данецкай народнай рэспублікі ў ноч на 17 ліпеня 2014-га года.

Абвінавачванне прывяло паказанні сведкаў, адзін з якіх бачыў пуск ракеты. 12 сведкаў бачылі дымны след, адзінаццаць чулі выбух, многія казалі, што бачылі «Бук» у ваколіцах меркаванага месца пуску.

У супрацьвагу версіі пракуратуры Нідэрландаў расейскія медыі не раз заяўлялі, што самалёт «Малайзійскіх авіялініяў» маглі збіць украінскія вайсковыя самалёты, а таксама што сапраўднаю мэтаю нібыта быў борт нумар адзін, на якім Пуцін вяртаўся з лацінаамерыканскага турнэ. Усе гэтыя версіі абверглі падчас следства. Расея сваё дачыненне да авіякатастрофы адмаўляе.

«Мы бачым, вядома, спробы стварыць уражанне, быццам гэта не крымінальная справа, а дзяржаўная праблема, паколькі нібыта Расея кіравала гэтымі людзьмі. Гэта абсалютна непрымальна», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Самалёт Boeing-777 «Малайзійскіх авіялініяў» быў збіты 17-га ліпеня 2014 года. Ён выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. Усе 298 чалавек, якія былі на борце, загінулі. Дзве траціны пасажыраў былі падданымі Нідэрландаў. У вёсцы Грабава Данецкай вобласці, недалёка ад якой і ўпаў самалёт, ахвярам авіякатастрофы ўсталявалі мемарыял.

«Нам з сябрамі было па 15–16 гадоў. Наглядзеліся мы… Ну, гэта ўсё праз вайну. Калі б не вайна гэтая, не было б ні ахвяр… Было б усё інакш», – узгадвае сведка авіякатастрофы Аляксандр Кавальчук.

Асобаў, якія аддавалі загад і непасрэдна збілі «Боінг», следства яшчэ высвятляе. А прысуд Гіркіну і траім ягоным падначаленым маюць абвесціць у наступным годзе.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»