БелАЭС можа трапіць пад санкцыі


Не разабраліся яшчэ з бяспекай першай Беларускай АЭС, як не выключаюць пачатку будаўніцтва другой. Паводле прэм’ера Галоўчанкі, пытанне яшчэ адной атамнай станцыі будзе цытата «ацэнена з навуковага пункту гледжання». Аднак не ўзгадаў аб шматлікіх парушэннях ва ўжо дзейнай АЭС. А між тым яна можа трапіць пад санкцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ядравае паліва загружаецца ў другі энергаблок. Яго ўвядуць у эксплуатацыю ўжо ў наступным годзе. Чакаецца, што пасля падключэння абодвух энергаблокаў да энергасістэмы Беларуская АЭС закрые да 40 адсоткаў патрэбы краіны ў электрычнасці.

«Я думаю таго ж самага можна чакаць ад другога энергаблока, што і ад першага, а менавіта: нестабільнасць працы. І нават больш важна, што другі блок, яны ў два разы больш будуць ствараць радыеактыўных адходаў на адзінку часу. Я нагадаю, што праблема з адпрацаваным ядравым палівам у Беларусі не вырашаная», – мяркуе эксперт у бяспецы радыеактыўных адкідаў Андрэй Ажароўскі.

БелАЭС працуе крыху больш за год. За гэты час першы энергаблок спыняўся 9 разоў. Ламаліся італьянскія вымяральныя трансфарматары, тройчы казалі, што спрацавала сістэма аўтаматычнай абароны генератара. 5 разоў спыненне АЭС называлі планавым.

Днямі беларускія кіберпартызаны супольна з журналістамі «Белсату» з праграмы «Давайце разбірацца» апублікавалі дакументы, з якіх вынікае, што атамны абʼект меў тысячы заўваг, неадпаведнасцяў і дэфектаў. Сярод іх – адсутнасць важных сістэмаў, ад працы якіх залежыць бяспека працаўнікоў і агулам станцыі.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

«Пытанне стаяла і аб санкцыях для Беларускай АЭС, але яно пакуль не прайшло. Так што пасля той інфармацыі, якая прайшла цяпер, ёсць шанец, што такое пытанне стане больш актуальным», – кажа літоўскі эксперт у энергетыцы Рытас Стасяліс.

Нягледзячы на праблемы з першай АЭС, прэмʼер Раман Галоўчанка сёння заявіў, што прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі – у іншым рэгіёне Беларусі.

«Пабудаваць другую АЭС – гэта значыць, што першая АЭС будзе закрываць палову неабходнай электраэнергіі Беларусі. А другая закрые другую палову. Такіх энергасістэм не бывае, таму што трэба рэгуляваць пікавыя нагрузкі, а атамныя станцыі працуюць у штатным рэжыме», – тлумачыць сябра рады «Экадому» Ірына Сухій.

На яе думку, мэта будаўніцтва другой АЭС – атрыманне чарговага расейскага крэдыту. На АЭС у Астраўцы Беларусь узяла ў Расеі крэдыт 10 мільярдаў долараў. Выглядае, што пабудавалі з эканоміяй. Выніковы кошт станцыі можа скласці каля 6 мільярдаў.

«Мяне насцярожвае, калі пры рэалізацыі такога важнага абʼекту ідзе эканомія 35 % рэсурсаў. За кошт чаго такая эканомія? Альбо гэта нядбайнае складанне плану і разлікаў, альбо гэта скарачэнне выдаткаў: за кошт чаго? Сістэма бяспекі? Альбо гэта менш працы?» – задае пытанне эканаміст Яраслаў Раманчук.

Першапачаткова электраэнергію БелАЭС планавалі прадаваць у суседнія краіны. Але праз непразрыстасць і масу парушэнняў пры будаўніцтве Літва і Польшча адмовіліся ад імпарту беларускай энергіі. Цяпер яе набывае Украіна, а Менск плануе нарошчванне энергаспажывання ўнутры краіны.

Антон Каменскі, «Белсат»