Ці ўступіць Беларусь у вайну?

«Уступленне Беларусі ў вайну застаецца вельмі малаімаверным». Гэтак мяркуюць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны. Аднак у Офісе прэзідэнта Украіны апошнім часам пачалі казаць пра небяспеку новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея сур’ёзна разглядае магчымасць уварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі! Такую заяву зрабіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч. На ягоную думку, вайсковае кіраўніцтва краіны-агрэсара думае пра два варыянты: першы – гэта Кіеў, а другі – Валынь. Якая імавернасць такіх сцэнарыяў, мы спыталі генерал-маёра СБУ ў адстаўцы Віктара Ягуна:

«Гэта неверагодна. Проста для таго, каб наступаць хаця б адной калонай у адным кірунку трэба групоўку стварыць не менш за 50 тысяч чалавек з бронетэхнікай і адпаведнай падрыхтоўкай. І калі гэтага не будзе створана, то ні пра які наступ не можа быць і гаворкі. Таму ўсе гэтыя размовы – гэта проста размова ў пустату».

Ва Украіне супраць магчымага ўварвання з тэрыторыі Беларусі прымаюць захады. Вось так выглядае цяпер беларуска-ўкраінская мяжа. Гэта пункт пропуску Гарадзішча ў Ровенскай вобласці. З боку Беларусі кантрольна-прапускны пункт Верхні Церабяжоў Берасцейскай вобласці. Калісьці тут кіпела жыццё і сотні беларусаў чакалі ў чэргах, каб трапіць ва Украіну. А цяпер?

«На лініі дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь, якая ў сваю чаргу абароненая супрацьтанкавым ровам, які ў шырыню складае чатыры метры, а ў глыбіню – два метры. Таксама па ўсёй дзялянцы размеркаваныя мінна-выбуховыя загароды, мінныя-шлагбаумы, лясныя завалы. Таму гэтая дзялянка ўвогуле цяжкапраходная. Яшчэ можна сказаць, што непраходная для ворага», – кажа старшыня 9-га памежнага атраду Антон Квяткоўскі.

Мяжу з украінскага боку праінспектаваў кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль. Чыноўнік даў зразумець, што існая тут інфраструктура – гэта яшчэ не ўсё, і ўзмацненне абароны будзе толькі працягвацца:

«Сёння адна з задачаў працоўнай паездкі – гэта вызначыць тыя зоны, дзе мы ўмацоўваем і ўзмацняем нашыя ахоўныя мажлівасці. У тым ліку так званым плотам. Найвялікшы эфект гэтае ахоўнае збудаванне паказвае ў спалучэнні з супрацьтанкавым ровам. Працягнем выкарыстоўваць такое ахоўнае збудаванне, як плот. Месцы вызначаем і працягваем падрыхтоўчыя дзеянні».

Разам з гэтым 19 лістапада ўва ўсіх частках і злучэннях Узброеных сілаў Беларусі былі набраныя на тэрміновую службу тысячы вайсковаабавязаных. Згодна з планам Мінабароны, у рамках восеньскага набору прысягу павінныя былі прыняць каля 10 тыс. навабранцаў. Маніторынгавая група тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн» правяла свой аналіз прызыўной кампаніі і зафіксавала, што большую частку навабранцаў тэрміновай службы Мінабароны накіравала ў сілы спецыяльных аперацыяў. Гэта асноўная ўдарная сіла беларускага войска. З чым гэта можа быць звязана?

«Яны глядзяць на сітуацыю вайны ва Украіне. Яны бачаць, што вайна не вядзецца вялікімі падраздзяленнямі. У асноўным вайна мабільная. Вайна вядзецца спецпадраздзяленнямі. Невялікімі групамі. І мець рэзерв падрыхтаваных людзей гэта нашмат больш эфектыўна, чым рыхтаваць проста нейкага стралка ці нават таго ж механіка танку», – кажа Віктар Ягун.

Тым часам на беларускіх палігонах не спыняецца рыхтаванне расейскіх войскаў. На відэа, якое публікуе ведамства Сяргея Шайгу, можна ўбачыць трэнаванне для фарсавання рэк і водных перашкодаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама