Успышка covid-19 у лагеры мігрантаў?


У аднаго – ковід з пнеўманіяй, яшчэ ў дваіх – абвастрэнне хранічных хваробаў. У шпіталях Горадні цяпер усяго тры асобы, якія раней жылі ў лагістычным цэнтры «Брузгі», цвердзіць Міністэрства аховы здароўя.

«У нас як быў адзін пацыент, гэтак і застаўся. Прабачце, больш нічога не магу сказаць, я кіраўніца прыёмнага аддзялення, але праз тэлефон нічога не магу каментаваць», – распавялі ў прыёмным аддзяленне Гарадзенскай універсітэцкай клінікі.

У масавую ўспышку ковіду ў лагеры мігрантаў Міністэрства аховы здароўя не верыць, хоць яшчэ напярэдадні начальніца галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Людміла Кеда заявіла, што ўсяго з лагістычнага цэнтру «Брузгі» шпіталізавалі каля ста асобаў, у тым ліку з цяжкаю формаю каронавіруснай хваробы.

«Паступаюць з рознымі паталогіямі. Не толькі з COVID, але ёсць і прастуды, таксама бывае і іншая хірургічная паталогія».

«Чыноўнікі ад Мінздароўя таксама кажуць, што гэтыя людзі атрымалі траўмы падчас закалотаў на мяжы. Што вам пра гэта вядома?»

«Па меншай меры мне такія не трапляліся», – кажа доктар, Горадня

Адныя мігранты захварэлі, ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, іншыя ж едуць у Еўропу праз Беларусь, каб паправіць старыя хваробы.

«Я прыехаў са Стамбулу ў Менск, выбраў гэтае падарожжа, бо маю праблемы з псіхалагічным станам. Я прыехаў сюды дзеля здароўя, а не дзеля чагосьці іншага. Напэўна, калі спытаць гэтых людзей «Чаму вы пакінулі сваю краіну?», яны скажуць, што зрабілі гэта дзеля лепшага жыцця. Але я – не, я гэта зрабіў дзеля лепшага здароўя. Я амаль упэўнены, што ёсць арганізацыі або, магчыма, людзі, якія змогуць дапамагчы мне паправіць маё здароўе», – кажа Саман Тарык Шафік, іракскі курд, уцякач.

Сярод тых, хто сёння жыве ў лагеры для мігрантаў, ёсць людзі, якія прыехалі не толькі з краінаў Блізкага Усходу, але, да прыкладу, з далёкай Кубы.

«Калі мяне і маіх сяброў дэпартуюць з Беларусі і не пусцяць у Нямеччыну, мы, магчыма, паедзем у Маскву. А на Кубу – не. На Кубе мяне арыштуюць», – распавядае Хуан Карлас, мігрант з Кубы.

А таму не спыняюць мігрантаў ад небяспечнага падарожжа ні транспартавыя складанасці, ні пандэмія каронавіруса. Казаць жа пра сацыяльнае дыстанцыяванне, а таксама выкананне ўсіх санітарных нормаў у цэнтры, не разлічаным на масавы побыт людзей, што доўгі час былі ў стрэсе і на холадзе, не даводзіцца, кажа былы галоўны санітарны лекар Менску Іван Вайтовіч:

«У нас ёсць вялікая пагроза не толькі для каронавіруснай інфекцыі, але і для кішэчнай інфекцыі, скураной інфекцыі. То бок там створаныя такія ўмовы, каб людзі захварэлі. А ўлічваючы, што іхны арганізм аслаблены, там ёсць умовы не толькі для таго, каб захварэць, а цяжка захварэць».

У той час як асобныя краіны Еўропы зноў уводзяць локдаўн, Беларусь не прымае шырокіх захадаў для стрымання пандэміі. Аўтарытэтнае навуковае анлайн-выданне «Our World in Data» апублікавала даследаванне, у якім аналізуецца індэкс строгасці ўвядзення ковідных абмежаванняў у Еўропе. Згодна з ім, з пачатку эпідэміі Беларусь фактычна адзіная краіна, разам са Швецыяй, якая не закрывала школаў, працоўных установаў ды не забараняла грамадзянам перамяшчацца па краіне.

Віталь Бабін, «Белсат»