Аляксандр Лукашэнка пра мігрантаў: «Мы самі справімся з тымі людзьмі, калі іх Нямеччына не забярэ да сябе»


Берлін адхіліў прапанову Менску забраць дзве тысячы мігрантаў. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Deutsche Welle» са спасылкаю на прадстаўніка ўраду Нямеччыны. Пра тое, што Ангела Мэркель абяцала разгледзець праблему на ўзроўні Еўразвязу, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Караніка і свайго памочніка ў гэтым рэгіёне Юрыя Караева.

«Я чакаю, калі Еўразвяз адрэагуе на пытанне аб дзвюх тысячах уцекачоў. У нас жа ў гэтым лагеры каля дзвюх тысячаў уцекачоў. Я прасіў, каб яны іх забралі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, кантактавыя асобы ад Еўразвязу, што разам з беларускім урадам мелі займацца развязаннем праблемы, нібыта не выходзяць на сувязь. Гэтую інфармацыю падчас брыфінгу абверг прадстаўнік Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана, заявіўшы, што цягам мінулага тыдня адбыліся як размовы Бурэля з Макеем, так і перамовы паміж чыноўнікамі ніжэйшага рангу.

«Мы шукаем магчымасці правесці тэхнічныя перамовы з агенцтвамі ААН і беларускімі калегамі розных узроўняў, каб паглядзець, як мы можам дапамагчы, аблегчыць рэпатрыяцыю мігрантаў з Беларусі назад у бяспечнае месца», – кажа Петэр Стана.

Міграцыйны крызіс выйшаў на ўзровень барацьбы інтэрпрэтацыяў таго, пра што менавіта дамовіліся Лукашэнка і Мэркель, кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

«Магчыма, што ў Еўразвязе, у Бруселі, існуюць рознагалоссі наконт таго, ці варта дамаўляцца з Менскам і калі варта, то пра што дамаўляцца, на якім узроўні гаварыць. Гэта і выклікае такое нецярпенне з боку Лукашэнкі», – лічыць Валер Карбалевіч.

Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, дапушчаныя беларускімі ўладамі ў лагер мігрантаў, на думку палітолага, мелі вырашыць дзве праблемы – фінансава падтрымаць беларускі бок у забеспячэнні мігрантаў і палітычна падтрымаць беларускія ўлады, крытыкуючы пазіцыю Еўразвязу ў дачыненні мігрантаў.

«Як інтэрпрэтуюць беларускія ўлады, то з іх вынікае, што нібыта і генсакратар ААН падтрымаў Беларусь і асудзіў Захад, і іншыя арганізацыі сусветныя, ахова здароўя нібыта падтрымала. Ну але, мусіць, насамрэч не ўсё так, як хацеў бы беларускі бок, і таму ад нецярпення пачынаюць крытыкаваць гэтыя міжнародныя арганізацыі», – кажа Валер Карбалевіч.

У канцы лістапада можа адбыцца яшчэ адзін рэйс для ахвотных вярнуцца ў Ірак, але арганізоўваць вяртанне на радзіму ўсіх мігрантаў не плануецца. Паводле Наталлі Эйсмант, у Беларусі іх каля сямі тысячаў.

«Мы самі справімся з тымі людзьмі, калі іх Нямеччына не забярэ да сябе. А куды дзявацца? Нам дзявацца няма куды. Але мы павінны патрабаваць ад немцаў, каб яны іх узялі, бо там іх родныя і блізкія», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Мігранты не спыняюць спробаў трапіць на тэрыторыю Еўразвязу. Толькі мяжу з Польшчаю цягам мінулых содняў спрабавалі незаконна перайсці 346 асобаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»