Пакаранні за рэпосты з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі – бытавуха і беспакаранасць сілавікоў


Беларускія суды прыцягваюць да адказнасці і даюць содні тым, хто посціць пасты і ставіць падабайкі «экстрэмісцкім» рэсурсам.

10 содняў арышту полацкаму актывісту Сяржуку Хвасцёнку за размяшчэнне двух спасылак тэлеканалу «Белсат» у сацыяльных сетках. Суддзя палічыў ягоныя дзеянні распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Суд праходзіў адначасова сцісла і адначасова вельмі палітызавана, бо суддзя распавядаў сваё бачанне гэтай сітуацыі. Сяржук на судзе распавёў, што справа тычылася двух абсалютна бяскрыўдных рэпостаў – гэта былі рэпосты пра Чэмпіянат свету па хакеі і нейкі канцэрт», – распавядае сяброўка рады руху «За свабоду» Вольга Быкоўская.

Гэта не першы выпадак, калі людзей адміністратыўна караюць за рэпосты і нават падабайкі рэсурсам, якія рэжым прызнаў экстрэмісцкімі. Пачынаючы з 2014 года, праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома пра 144 факты пераследу паводле артыкулу 19.11 Адміністратыўнага кодэксу. Трыццаць восем выпадкаў зафіксаваныя з сакавіка гэтага года, калі ўвайшоў у сілу новы кодэкс.

«Можна разважаць, што ўлада мэтанакіравана нешта стварае і хоча дасягнуць нейкіх вынікаў. Але насамрэч адчуванне такое, што гэта ўсё скацілася на бытавуху, на беспакаранасць і на дзеянні сілавікоў, умоўна кажучы, «што хачу – тое і раблю, і нічога мне за гэта не будзе», – зазначае Алег Агееў, намескін старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Прызнанне Telegram-каналаў і сродкаў масавай інфармацыі экстрэмісцкімі актыўна пачалося пасля выбараў. Першым СМІ, якому ўлады надалі гэткі статус, стаў наш тэлеканал. Са словаў кіраўніцы ўэб-рэдакцыі «Белсату» Вольгі Ярохінай, такая пастанова не ўплывае на працу самога медыя. Аднак зрэагавалі на яго чытачы, якія пачалІ адпісвацца, і нават некаторыя выданні.

«Калегі з іншых медыяў стараюцца не спасылацца на «Белсат» або спасылацца вельмі абцякальна, скажам так: «паведамляе рэсурс, які прызнаны экстрэмісцкім», або ставіць нейкія зорачкі. У прынцыпе, вініць калегаў, напэўна, не трэба за гэта, усе мы разумеем, што можа пагражаць, што могуць прыдумаць беларускія ўлады, каб пакараць за гэтыя рэпосты», – падкрэслівае кіраўніца ўэб-рэдакцыі «Белсату» Вольга Ярохіна.

Зрабіць захады для абароны сваіх чытачоў медыйныя рэсурсы не могуць, аднак…

«Мы працягваем распавядаць, што нас можна чытаць без падпіскі, можна заходзіць на Telegram і чытаць нас, не падпісваючыся на яго, можна чытаць нас праз VPN на сайце, можна чытаць праз нашае люстэрка. Можам падзякаваць нашым чытачам, якія працягваюць нас чытаць – і гэта ўсё ж такі натхняе далей працаваць», – адзначае Вольга Ярохіна.

Мінімізаваць рызыку быць затрыманым можа сам чалавек, калі ён карыстае VPN і пакідае каментары, падабайкі і рэпосты з другаснага, не ўласнага іменнага акаўнту.

«Калі мяне баняць, я пішу з дадатковага прафайлу, у мяне лайкаў адразу ў дзясяткі разоў менш. Але наколькі гэта важна, каб вашыя лайкі, падабайкі і прэферэнцыі былі відаць. Самі па сабе лайкі асабліва нічога не значаць. І ўвогуле, варта пераходзіць у Telegram, там можна ананімна абсалютна перацягваць і распаўсюджваць навіны», – раіць медыяэксперт і кіраўнік кампаніі BY_HELP Аляксей Лявончык.

Ціск за актыўнасць у інтэрнэт-прасторы будзе працягвацца, мяркуюць праваабаронцы і медыяэксперты.

Марыял Дакуцька, «Белсат»