Эксперт: COVID-19 пакіне чарнобыльскую трагедыю ў ценю


Галоўны фэйкмэйкер краіны абвесціў вайну праўдзівым звесткам пра стан смяротнасці ад ковіду ў Беларусі. Пад сваю стратэгію бяздзеяння – падпісаў чыноўнікаў, якія, маўляў, не супярэчылі ягоным рашэнням і народ, які нібыта ўсё гэта падтрымаў.

Такая палітыка, на меркаванне незалежных экспертаў вядзе да таго, што па выніках года чарнобыльская трагедыя застанецца ў ценю трагедыі сённяшняга дня.

У Пражскім метро і іншых грамадскіх месцах нашэнне масак абавязковае. Пасажыр з адкрытым тварам атрымаў папярэджанне і маску ад паліцэйскага кантролю. Наступным разам – атрымае штраф. «Шчыра кажучы, я стараюся не насіць маску, бо гэта глупства, я лічу», – сказаў жыхар Прагі.

Адная справа, меркаванне шараговага чалавека, іншая – асобы, якая называе сябе кіраўніком дзяржавы. Як Аляксандр Лукашэнка: «Насамрэч – да мяне ніводзін чалавек не прыходзіў у намордніку. Не пыталіся ў яго – прышчэплены ці не. У Берасці штрафаваць пачалі. Сілаю каленам на грудзі… і змушаюць прышчапляцца. Я ж вас прасіў – не дапускайце гэтага!»

Замест узбройваць людзей маскамі, прышчэпкамі, грамадскімі санітарнымі правіламі, дзеля выжывання беларусаў Лукашэнка настойвае на бяздзейнасці:

«Вобразна кажучы, ідзе вайна. І вельмі важная ў гэтай складанай сітуацыі выканальніцкая дысцыпліна. Важна аднаасобнае кіраўніцтва ў гэтай сітуацыі. Яшчэ раз папярэджваю: дамовіліся, прынялі рашэнне, выконвайце. Гэта сёння галоўнае. Гэта пытанне нашай выжывальнасці».

Іншы прыклад пад час пандэміі паказваюць лідары звязу краінаў Еўропы, якую ганьбіць Лукашэнка. Прэзідэнт Расеі таксама ганьбіць, але захады бяспекі пад час пандэміі ўводзіць ды заахвочвае: «Лепш вакцынавацца. Навошта чакаць на хваробу і яе цяжкія наступствы?» Чаму стаўленне да пандэміі ў заклятых сяброў гэтак кардынальна адрозніваецца?

«У Беларусі больш персаналісцкая дыктатура, зацыкленая на адным чалавеку. Па-другое. Пуцін ад пачатку пандэміі не патрапіў у пастку адмаўлення. Бо так сталася, што калі пачалася першая хваля каронавірусу, у Лукашэнкі акурат была станоўчая фаза ягонай прэзідэнцкай кампаніі», – лічыць палітолаг Андрэй Елісееў.

Аляксандр Лукашэнка не змяніў рыторыкі і пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі прыярытэтнаю задачай улады стала – самазахаванне. На чацвёртай хвалі захворвальнасці сцвердзіў, што ўсё рабілі правільна і так будзем трымаць. Пытанне, ці на карысць людзям, што беларуская вертыкаль дзее насуперак прыкладам іншых дзяржаваў, падмацоўваючы гэта прыгожай статыстыкай?

«Калі гавораць, што пад час эпідэміі памерла менш за 5 тыс. чалавек, то мая ацэнка – каля 70 тыс. Думаю, праз пэўны час акажацца, што Чарнобыльская катастрофа застанецца ў цені таго што зараз адбываецца ў святле эпідэміі каронавірусу», – упэўнены палітолаг.

Беларусь па выніках 20-га і 21-га гадоў (паводле Елісеева) будзе адною з найбольш пацярпелых ад пандэміі краінаў свету – праз ацэнку ААН. Да ўладаў гэтых краінаў будзе шмат пытанняў.

Гэтак ужо цяпер да адказнасці ў Бразіліі камісія тамтэйшага Сенату прыцягвае прэзідэнта Жаіра Баўсанару. Палову смерцяў праз ковід – а гэта 300 000 – камісія спісвае на ягоную неадэкватную супрацьковідную палітыку.

Юлія Цяльпук, «Белсат»