Віктара Медведчука абмянялі на 200 палонных


Кума Пуціна памянялі на дзвесце абаронцаў Украіны. Здавалася б, пры чым тут Беларусь? Але, як паведамляе выданне «Флагшток», абаронцаў «Азоўсталі» абмянялі на Віктара Медведчука праз аэрапорт «Гомель». І калі ў Кіеве вызваленых азоўцаў віталі як герояў і не хавалі радасці, то расейскіх вайскоўцаў на радзіме сустрэлі пустыя аэрадромы і маўчанне Крамля.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З цёплымі абдымкамі і непрыхаванай радасцю Украіна вітала сваіх герояў. Мінулай ноччу больш за 200 украінскіх вайскоўцаў вызвалілі з расейскага палону, сярод іх і медыка Мар’яну Мамонаву, якая цяпер на апошніх месяцах цяжарнасці.

«Сёння ў нас 215 добрых навінаў, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Безумоўна, гэта перамога для нашае краіны і для нашага грамадства, але ў першую чаргу для 215 семʼяў, што змогуць убачыць сваіх блізкіх цэлымі і здаровымі».

Абмен палоннымі адбыўся пры пасярэдніцтве Турцыі і Саудаўскай Аравіі. Сярод тых, хто апынуўся на волі, Героі Украіны Яўгеній Бова, Леў Пашко, Дзяніс Пракапенка. Усяго ўдалося вызваліць 108 байцоў палку «Азоў», 188 герояў «Азоўсталі» і Марыупалю, сярод якіх васьмёра пацярпелых пасля расейскага тэракту ў Аленаўцы, а таксама дзесяцёра замежнікаў, якія ваявалі на баку ЗСУ ды якіх, у тым ліку, у гэтак званай ДНР планавалі пакараць смерцю.

Жыхары Кіева адрэагавалі на гэтую навіну пазітыўна:

«Я вельмі рады, і, па праўдзе, у нейкі момант нават не вельмі верыў, што іх вернуць. Бо вярнулі досыць знакавых людзей: Валыну, Пракапенку. Я думаў, Расея касцямі ляжа, але іх не верне», – кажа малады мужчына.

«Добрая навіна, і я думаю, што гэта сігнал таго, што Масква ўжо здаецца паціху», – заўважае апытаная дзяўчына.

«Адразу зʼяўляецца надзея, што вайна рана ці позна скончыцца, і ўсе вернуцца дадому, хай бы найменшымі стратамі гэта ўсё завяршылася»? – упэўнены яшчэ адзін з апытаных.

«Дзякуючы ім мы жывём. Гэта наш гонар, нашая слава, нашая радасць – гэтыя хлопцы», – кажа жыхарка Кіева.

Паводле ўмоваў абмену, пакуль не скончыцца вайна, вызваленыя азоўцы будуць заставацца на тэрыторыі нейтральнай краіны – Турцыі. Падчас відэасувязі з Уладзімірам Зяленскім камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка звярнуўся да прэзідэнта Украіны:

«Слава Украіне, спадару прэзідэнце! Усё добра, стан здароўя задавальняе. Дзякуй вам і ўсёй камандзе за тое, што вы зрабілі».

Паводле прэзідэнта Украіны, 200 абаронцаў Украіны ўдалося абмяняць на раней затрыманага кума Уладзіміра Пуціна Віктара Медведчука, яшчэ пяць герояў – камандзіраў «Азоўсталі» – на 55 расейскіх ваеннапалонных. Апошніх на радзіме сустракалі пад сховам таямніцы, а дзяржаўныя прапагандысты не хавалі з гэтае нагоды свайго абурэння. Бо яшчэ ў красавіку ў прапуцінскіх тэлеграм-каналах пісалі, што Зяленскі дабіваецца, каб Пуцін зняпраўдзіў сталінскі прынцып «салдата на фельдмаршала не мяняць».

У сваім тэлеграм-канале працаўнік расейскага тэлебачання Андрэй Мядзведзеў заўважае:

«Вельмі дзіўна, калі расейскіх герояў сустракаюць вось так. Пусты аэрадром, ні сцягоў, ні кветак. Не кажу ўжо пра тых, хто сустракаў. Вельмі прыкра, што мы зноў пра тое, што адбываецца, даведаемся аднекуль з заходніх агенцтваў. Так. Прыкра. Але папраўна. У будучыні. Мяркую, што абмен ішоў праз цяжкія закрытыя перамовы. І баяліся абмен сарваць».

У сваю чаргу, у Службе бяспекі Украіны заявілі, што выдадзены Расеі грамадзянін Украіны Віктар Медвядчук – цытата, не проста кум Пуціна, а «якасна задакументаваны дзяржаўны здраднік», і што ягоная выдача Крамлю не стане перашкодаю для разгляду справы ў судзе. Палітолаг Уладзімір Фясенка лічыць, што ў расейскага кіраўніцтва захавалася спагада да Медведчука, таму яны, у тым ліку, і пайшлі на такі крок:

«Яны пайшлі на гэтую ўгоду, на яе рэалізацыю толькі пасля таго, як абвясцілі рэферэндумы і частковую мабілізацыю. Калі б гэтага не было, была б зусім іншая рэакцыя: абвінавачанні ў суцэльнай здрадзе. А так яны кампенсавалі, нейтралізавалі залішнюю крытыку на свой адрас».

Падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха, наадварот, лічыць, што абвешчаная Пуціным мабілізацыя і неабходнасць вызвалення менавіта цяпер украінскіх палонных згодна з дамоўленасцямі стала для расейскага кіраўніцтва непрыемным супадзеннем. І прагназуе, што ў перспектыве Расея не будзе ўжо такой згаворлівай, як цяпер:

«Мяркую, у найбліжэйшай будучыні ў такой колькасці нікога абменьваць не будуць. Ізноў, напэўна, пяройдуць да абмену 15, 20, 30, максімум 50 чалавек».

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Кіеву ўдалося абмяняць больш за восемсот сваіх ваеннапалонных. У расейскіх турмах іх утрымліваюць у нечалавечых умовах, учыняюць моцны фізічны і псіхалагічны ціск, ужываюць гвалт і катаванні. Паводле падлікаў праваабаронцаў, цяпер у расейскім палоне могуць быць ад васьмі да дзевяці тысяч украінскіх вайскоўцаў.

Віталь Бабін, «Белсат»