У Вільні адбылася канферэнцыя да 140-годдзя Якуба Коласа


«За час наш доўгі я нямала быў у разлуцы і журбе, рука мая не ўсё спісала, з таго што думаў аб табе», – гэтыя радкі, напісаныя Якубам Коласам, унучка народнага паэта Беларусі Марыя Міцкевіч чытае з новай кнігі, прысвечанай Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч – жонцы паэта.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я маю гонар трымаць у руках гэтую кнігу, якую наша сям’я рыхтавала да друку, бо там ёсць лісты, перапіска Коласа з Марыяй, якія ніколі не друкаваліся, успаміны майго бацькі Міхася, якія таксама напісаныя да гэтай кнігі, і мае таксама ўспаміны. Бабулю сваю я не бачыла, але я названая ў яе гонар», – кажа ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

Кнігу, прысвечаную сваёй бабулі, Марыя Міцкевіч прэзентавала на канферэнцыі ў Вільні, прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.

«Паколькі ён тут жыў у Павільнюсе, было вырашана зрабіць менавіта ў гэтым прадмесці Вільні. Быў абраны музей Пушкіна, таму што тут захоўваюцца экспанаты з былога музею Коласа, які тут існаваў да 1962 года, а пасля быў закрыты. І вось мы тут стаім і бачым гэтыя экспанаты», – кажа дырэктар культурнага цэнтру Якуба Коласа Аляксандр Адамковіч.

Акурат у Вільні Якуб Колас адбыўся як паэт, а сямʼя ягонай жонкі была цесна звязаная з Літоўскаю чыгункаю.

«Літоўская чыгунка адгукнулася, прыйшлі прадстаўнікі, каб расказаць пра гісторыю чыгункі, і для іх гэта новы матэрыял, што іх гісторыя звязаная з класікам беларускай літаратуры», – падкрэслівае Аляксандр Адамковіч.

У шматкультурнай прасторы літоўскай сталіцы варта нагадваць беларусам пра іхныя сувязі з гэтым горадам. А Якуб Колас служыць найлепшым мостам паміж дзвюма суседнімі літаратурамі, падкрэслівае пісьменнік і перакладчык Вітаўтас Жаймантас:

«Бо ў юнацтве ён доўга жыў і працаваў у Вільні і потым, калі ўжо жыў у Менску, меў сувязі з Вільняй, сябраваў з пісьменнікамі і паэтамі».

Актыўны ўдзел у канферэнцыі ўзялі вучні гімназіі імя Францыска Скарыны.

Народ ідзе, як хвалі мора,

Як хмары ў небе на прасторы,

Адны другім усе чужыя.

Ідуць старыя і малыя,

Ідуць, шнуруюць чарадою,

Заняты кожны сам сабою.

Так у паэме «Новая зямля» апісваў Якуб Колас Вільню. І сёння ў гэтым горадзе гучаць і радкі Якуба Коласа, і словы пра народнага паэта Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»