Мабілізацыя крочыць па Расеі


Чачэнія, Якуція, Благавешчанск, Уладзімір, Далёкі Усход. З самых розных куткоў краіны-агрэсара прыходзяць відэа, дзе сваякі чулліва праводзяць сваіх родных у невядомасць. Выглядае, што развязаная Пуціным вайна сапраўды пачынае грукацца ў кожны расейскі дом.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сумным жа вынікам учорашніх нешматлікіх пратэстаў, што прайшлі ў Расеі супраць мабілізацыі, сталася ў тым ліку ўручэнне затрыманым позваў у ваенкаматы. Між тым, пакуль адна частка расейцаў спрабуе пратэставаць і далей, другая – пакорліва адпраўляецца ў ваенкаматы, а трэцяя – бяжыць з краіны.

Папулярныя інтэрнэт-сэрвісы для продажу авіяквіткоў не спраўляюцца з наплывам расейскіх кліентаў ды перыядычна перастаюць працаваць. Таксама з’яўляюцца фота з перапоўненых расейскіх аэрапортаў. Вялізныя чэргі з аўтаў яшчэ ўчора ўтварыліся на межах Расеі з Грузіяй, Фінляндыяй, Казахстанам і нават Манголіяй.

Не ўсё спакойна ў Расеі і з самімі ваенкаматамі – галоўнымі пунктамі адпраўкі ўчорашніх менеджараў сярэдняга звяна, трактарыстаў, ахоўнікаў ды прадаўцоў-кансультантаў пад снарады гаймарс ды кулі ўкраінскіх абаронцаў. Гэтаю ноччу адразу ў некалькіх рэгіёнах Расеі ваенкаматы былі падпаленыя.

Між тым, паводле аналітыкаў амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны гэтая мабілізацыя не зменіць бязрадаснай сітуацыі для Расеі ва Украіне. Набраных жаўнераў можа быць дастаткова для таго, каб падтрымліваць расейскую вайсковую прысутнасць на цяперашнім узроўні і для кампенсацыі панесеных стратаў. Ні кваліфікацыя гэтых кадраў, ні іх экіпіроўка, ні ўзбраенне не могуць значна паўплываць на тэатр ваенных дзеянняў.

А што ж Беларусь? Паводле справаздачы фонду «Байсол» («BYSOL»), які дапамагае людзям эвакуявацца з краіны ад пераследу рэжыму Лукашэнкі, колькасць зваротаў па кансультацыю пра выезд і эвакуацыю вырасла за апошнія содні ў сем разоў. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак кажа:

«Сёння за дзень, за гэтыя содні мы атрымалі 156 заявак, з іх прыблізна 70 % – гэта расейцы, які хочуць выехаць у сувязі з мабілізацыяй, а таксама значна павялічылася колькасць беларусаў, якія таксама хочуць пакінуць тэрыторыю і Расеі, і Беларусі, бо баяцца, што будзе абвешчаная мабілізацыя таксама ў Беларусі».

Кіраўнік фонду «Байсол» раіць тым беларусам, каго можа датычыць мабілізацыя і хто яшчэ сумняецца ў тым, ці трэба зʼязджаць зараз, не цягнуць з адпаведным рашэннем. Мы ж у сваю чаргу правялі адпаведнае апытананне ў тэлеграм-канале «Белсату». Вось прыклады адказаў нашых чытачоў:

«Не, бо ў Кіеве… ужо нічога не хвалюе, акрамя выкарыстання ядзеркі».

«Калі мабілізацыя будзе абʼяўленая – гэта будзе апошняе варʼяцтва, якое паспее зрабіць Лукашэнка».

«Цікава, як будуць дзейнічаць ябацькі ў выпадку мабілізацыі. Ці пойдуць у першых шэрагах на фронт прапагандысты і розныя чынушы».

Паводле крыніцаў выдання «Наша Ніва», яшчэ ўчора сілавікі Лукашэнкі атрымалі вуснае распараджэнне шукаць і затрымліваць расейцаў, якія прыехалі хавацца ад мабілізацыі ў Беларусь. Сёння ж раніцаю зʼявіліся навіны пра аблаву на рынку «Новы Лебядзіны» ў Ждановічах. Паводле відавочцаў, АМАП і людзі ў цывільным затрымлівалі людзей з пашпартамі Расеі, узбекаў і таджыкаў – да 70 мужчынаў і 20 жанчын звезлі ў аўтазаку. Ці звязана гэта з расейскай мабілізацыяй – пакуль дакладна невядома. Паводле Андрэя Стрыжака:

«Гэта абсалютна натуральны стан рэчаў, абедзве дыктатуры працуюць у шчыльным кантакце. Так сама як беларускіх апазіцыянераў, якія бралі ўдзел у беларускім супраціве, так сама і расейскіх ухілістаў будуць высылаць з Беларусі. Гэта небяспечная тэрыторыя для расейцаў. І я не раю ім спрабаваць схавацца ў Беларусі. У самой Расеі схавацца будзе прасцей».

У сваім звароце з нагоды так званай частковай мабілізацыі расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу заявіў, што ў яе хадзе будуць набраныя 300 тысяч рэзервістаў. Паводле ж крыніцаў выдання «Новая газета Европа», у цяперашнім расейскім указе аб мабілізацыі ёсць засакрэчаны сёмы пункт, які дазваляе адправіць на вайну мільён чалавек.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»