Да Сусветнага дня без аўтамабіля далучыліся больш за 45 дзяржаваў


Упершыню Дзень без аўтамабіля правялі ў 1973 годзе ў Швейцарыі. Тады ў сувязі з паліўным крызісам улады краіны заклікалі грамадзянаў адмовіцца ад аўтаў. Асобныя такія акцыі працягваліся ў розных краінах Еўропы да 1997 года. Цяпер да міжнароднай ініцыятывы далучыліся больш за 45 дзяржаваў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты дзень ідзе ў рамках Тыдня еўрапейскай мабільнасці, і людзі больш даведваюцца аб тым, чым замяняецца транспарт, чаму менавіта ім, магчыма, лепей часам карыстацца і чаму, магчыма, не заўсёды трэба карыстацца аўтамабілем, а ёсць іншыя сродкі для таго, каб перасоўвацца па горадзе», – кажа блогер-урбаніст Данііл Аленіюс.

Нашая краіна ўдзельнічае ў акцыі 8-ы раз. Увесь тыдзень у Беларусі праводзіліся розныя тэматычныя падзеі. Напрыклад, тым, хто паехаў на працу на ровары, у чатырох пунктах Менску раздавалі бясплатна садавіну. А шэраг кампаніяў, якія займаюцца пракатам самакатаў і ровараў, праз промакод «Без аўта» запрапанавалі значныя зніжкі на свае паслугі. У сталіцы ўсе аўтаўладальнікі маглі ездзіць у метро і на грамадскім транспарце бясплатна. Для гэтага трэба было паказаць пасведчанне кіроўцы і дакумент аб рэгістрацыі транспартнага сродку.

У сярэднім кожны з нас за адну хвіліну робіць 15 уздыхаў. За адзін уздых мы ўжываем прыкладна паўлітра паветра. За содні гэта 10 800 літраў. Сучасны ж аўтамабіль на тысячу кіламетраў ужывае столькі кіслароду, колькі мы ўдыхаем за адзін год.

Паводле эколагаў, 85 % шкодных выкідаў прыпадае на аўтамабілі і толькі 15 % – на прамысловыя прадпрыемствы. У міжнародны дзень без аўтамабіля ў Беларусі ладзяць эксперымент. Спецыялісты вымяраюць канцэнтрацыю забруджвальных рэчываў у паветры. Леташнія вынікі паказалі, што ў атмасферы зніжаецца ўзровень дыяксіду азоту, аксіду вугляроду і фармальдэгіду ў 1,3 разу! А як дзень без аўта праходзіць у Польшчы?

Гадзіна пік, Варшава. Мы цяпер на адной з самых знакамітых магістраляў гораду. У звычайны дзень тут вельмі шмат аўтамабіляў, коркі. Але цяпер мы назіраем, як жыхары гораду далучыліся да Сусветнага дня без аўтамабіля. Увесь грамадскі транспарт у Варшаве сёння бясплатны.

Мы спыталі ў мясцовых жыхароў, што яны думаюць пра сённяшні дзень:

«Акурат штогод 22 верасня я ведаю, што магу ехаць без квітка. Хаця я тут блізка жыву, але ўвогуле файна, што раз на год можна так паездзіць. А тыя, хто ездзіць часта, можа зэканоміць. На зэканомленыя грошы можна купіць сабе кока-колы».

«Я вельмі цешуся, што такое зрабілі. З аднаго боку, гэта зэканоміць грошы, а з другога – гэта ўсведамленне таго, што трэба клапаціцца пра навакольнае асяроддзе».

«Я лічу, што гэта добрая ініцыятыва, бо шмат людзей цяпер, калі паліва такое дарагое, сёння менавіта пераканаюцца, што карыстацца грамадскім транспартам».

Заўжды на працу і з працы я езджу на ўласным аўтамабілі. Але сёння я далучаюся да добрай справы і паеду бясплатна на метро.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»