Беларускае пытанне на Генеральнай Асамблеі ААН і ў Хельсінскай камісіі


Беларусь – побач з Бірмаю, Кубаю ці Венесуэлай – краіна, дзе народ цяпер – на піку барацьбы за дэмакратыю. Так заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн падчас выступу ў Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Пра нашу краіну ў сваіх прамовах згадаў не толькі ён. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда нагадаў, што беларускае грамадства патрабуе ад уладаў выканання ўніверсальнага права на свабодныя выбары ды падкрэсліў салідарнасць Польшчы з беларусамі.

«Беларусы, супольнасць гэтай краіны хочуць патрабаваць ад сваіх уладаў захавання менавіта гэтага ўніверсальнага права, і плацяць за гэта пакутамі, плацяць за гэта турмой. Я кажу гэта, як кіраўнік дзяржавы, дзе знайшлі прытулак і працу сто пяцьдзясят тысяч беларусаў, у тым ліку тысячы ўдзельнікаў пратэстаў. Нядаўна я казаў нашым беларускім братам, што Польшча іх вітае і будзе іхным домам так доўга, як ім спатрэбіцца», – падкрэсліў падчас прамовы Анджэй Дуда.

Згадаў прэзідэнт Польшчы і пра датычнасць уладаў Беларусі да крызісу на мяжы. Аб праблеме, як і аб пагрозе беларускага рэжыму для міжнароднай бяспекі, казаў таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Мы пабачылі гэта падчас згону і прымусовай пасадкі рэйсу «RyanAir» 23-га траўня. Гэта было відавочным парушэннем міжнароднага права. Такія дзеянні варта трактаваць як акт дзяржаўнага тэрарызму. Беларускі рэжым таксама выпрабоўвае новыя метады гібрыдных атак. Напрыклад, штучна створаная і кіраваная ўладамі Беларусі плынь нелегальнай міграцыі. Мэта Беларусі – палітычны ціск на Еўрапейскі Звяз», – сказаў Гітанас Наўседа.

Каб супрацьстаяць плыні мігрантаў, Літва прыняла рашэнне, што прасіць пра прытулак можна ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску.

«Калі мы пачалі 2-га жніўня гэты працэс вяртання нелегальных мігрантаў, мы сказалі, што алгарытм такі: калі хочаце легальна – то праз пункт пропуску або праз амбасаду. І цяпер працэдуру, як гэта можна рабіць праз пасольства, мы пачалі», – тлумачыць старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Напярэдадні тэма Беларусі прагучала і ў кангрэсе Злучаных Штатаў. Камісія бяспекі і супрацы ў Еўропе, або Хельсінская камісія, правяла слуханні пад назваю «Дамагаючыся справядлівасці і свабоды ў Беларусі».

Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады Сяргей Зікрацкі, Сяргей Харытонаў і Таццяна Хоміч паінфармавалі амерыканскіх парламентарыяў пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

«Сотні палітвязняў застаюцца ў беларускіх турмах ва ўмовах катаванняў паводле хлуслівых палітычна матываваных абвінавачванняў і несправядлівых прысудаў. Колькасць беларускіх палітвязняў працягвае расці, людзей абвінавачваюць у нелаяльнасці да ўладаў. Пры гэтым людзі атрымліваюць вялізныя тэрміны, сядзяць у турмах і ахвяруюць сваёй свабодай, а часам і жыццём», – сказала падчас выступу Таццяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

Камісія падала рэкамендацыі аб новых магчымых абмежаваннях, у тым ліку ў дачыненні дзяржпрапаганды, а таксама прапанавала захады, што зменшаць магчымасць для абыходу ўжо дзейных санкцыяў.

«Гэта тыя санкцыі, якія ўжо немагчыма абысці. Санкцыі другога ўзроўню накладаюць абмежаванні на тыя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з ужо санкцыйнымі кампаніямі. Гэта было б сапраўды магутным ударам па Лукашэнку», – лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Прагучала падчас абмеркавання і прапанова паставіць партнёраў Злучаных Штатаў у Персідскай затоцы перад выбарам, з кім гандляваць: з Лукашэнкам ці з ЗША. У першую чаргу гэта датычыць Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, бо, паводле інфармацыі амерыканскіх уладаў, менавіта там клан Лукашэнкі перахоўвае злачынныя прыбыткі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»