22 верасня – дзень людзей без машын


Горад людзей замест гораду машын – гэта пра Сусветны дзень без аўтамабіля. Адмовіцца ад прыватнага транспарту прынамсі раз на год і зрабіць гэта сёння заклікалі беларусаў эколагі, аўтаінспектары, аматары мабільнага транспарту. Грамадскае спалучэнне бясплатнае для кіроўцаў, якія маюць пры сабе «правы» і тэхпашпарт.

Экалагічна і хутка ад набярэжнай сталічнага парку Перамогі галоўнай роварнай сцежкаю і назад менчукі праехалі агулам 20 кіламетраў. Як і належыць, у Дзень без аўта карысталіся электратранспартам і роварамі.

Спецыяліст у роварнай індустрыі Менску Максім Пучынскі кажа:

«Згодна са статысткаю, у гарадах каля 80 % забруджання (як шумавога, гэтак і атмасфернага) гэта акурат з-за транспарту. У тым ліку каб зменшыць забруджанне прапануюць у гэты дзень перасесці з аўтамабілю ў грамадскі транспарт, ці выкарыстоўваць іншыя віды перасоўвання».

Дзяржаўныя органы акурат узяліся за змены ў заканадаўстве, што да мабільных відаў транспарту. З імклівым ростам колькасці ўсемагчымых электрычных самакатаў, скутараў і сігвэяў – колькасць аварыяў на дарозе вырасла ў разы. У Сусветны дзень без аўтамабілю кажуць і пра гэта, але галоўная ідэя – даць свайму гораду глыток чыстага паветра.

«Традыцыйна ў гэты дзень беларусы могуць бясплатна скарыстацца грамадскім транспартам, калі пакажуць пасведчанне кіроўцы. Таксама ў гэты дзень праводзяцца актыўнасці для раварыстаў», – распавёў Максім Пучынскі.

Сёлета ў трох замест шасці кропак Менску можна было атрымаць фрукты і сувеніры за карыстанне мабільным транспартам. Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў сёлетнюю акцыю «Менск – мабільны горад» патранаваў самастойна, без Менскага роварнага таварыства.

«Белсат» да гэтага дню зладзіў апытанне ў сацыяльных сетках на тэму «Ці задаволеныя вы грамадскім транспартам у Беларусі і што трэба памяняць да лепшага, каб аўтамабіль можна было пакінуць дома? Вось некаторыя прапановы:

«Хуткасны трамвай уздоўж Менскай кальцавой».

«Грамадскі транспарт мае стаць бясплатным, як у Талліне, ці ўключаным у падаткі».

«Асобная паласа для грамадскага транспарту і роварныя сцежкі».

У Менску зарэгістравана больш за 800 тыс аўтамабіляў. Дадай гасцявы транспарт – будзе бліжэй да мільёну, што ў ДАІ ацэньваюць, як амаль крытычную колькасць. Калі дарогі перагружаныя – хуткасць руху зніжаецца, бо небяспека – расце. Большыя таксама выкіды газаў у паветра. Да прыкладу ў Гомлі, паводле ацэнкі аўтара відэа для матэрыялу – рух транспарту калі і зменшыўся, то нязначна.

Сусветны дзень без аўтамабіля не паўсюль мае ліберальны характар. Напрыклад у буйных гарадах Францыі ехаць на паліве можа толькі спецыяльны транспарт. Там праводзілі акцыю ў непрацоўны дзень – у нядзелю ў прамежку 11-18 гадзіны.

«Я не ведаў, што нельга ехаць. Толькі што даведаўся, збіраўся прыпаркавацца і не паспеў – атрымаў штраф».

€ 135 штрафу за ігнараванне акцыі «Парыж дыхае», – кажа кіроўца з Парыжу.

Парыжанка Ані Матушэўскі шпацыруе. Святам задаволеная:

«Так, сёння менш шуму і менш забруджванняў. Прама зараз, напрыклад, на Елісейскіх палях, у нас ёсць шанец прагуляцца, паглядзець на Трыумфальную арку тварам у твару, а не толькі з ходніку».

Такое можна пабачыць раз на год. Парыж выняткова свабодны ад транспарту і адкрыты – для людзей.

Юлія Цяльпук, «Белсат»