У Беларусі назіраецца падзенне ва ўсіх сектарах эканомікі


Валавы ўнутраны прадукт Беларусі падае ўжо шосты месяц запар. Прычым упершыню падзенне назіраецца ў ІТ-сектары – папярэджвае Еўразійскі банк развіцця. ВУП – не адзіны крытэр здароўя эканомікі, спрабуюць супакоіць чыноўнікі. Што стала з ІТ-сектарам і ці дадаюць аптымізму іншыя прапанаваныя ўладамі паказнікі?

Сёлета ў ліпені беларускія вытворцы прадалі тавараў на 10 адсоткаў менш, чым у ліпені 2021-га. Новую статыстыку скарачэння эканомікі апублікаваў Еўразійскі банк развіцця. Некаторыя сектары «усохлі» ў разы больш, чым эканоміка агулам.

Грузаперавозы ў параўнанні з леташнім ліпенем упалі ажно на 35,5 %. Аптовы гандаль – на 21,8 %, прамысловая вытворчасць – на 12,2 %, будаўніцтва – на 16,7 %.

Праз пазнейшы пачатак жніва сельская гаспадарка ў ліпені вырабіла прадукцыі на чвэрць менш, чым летась, аднак можа скараціць адставанне. Упершыню эканамісты адзначылі спад у сектары тэлекамунікацыяў і сувязі.

«Увесь сектар ІТ у свеце расце. І калі б не было падзеяў, якія мы назіраем у сувязі з вайной, то беларускі ІТ працягваў бы расці тэмпамі па 10–15 адсоткаў на год, і гэта было б нармальна. А так мы бачым, як змагаюцца два трэнды. І перамагае трэнд на згортванне», – тлумачыць прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.

Палітычныя рэпрэсіі, а асабліва байкот, аб’яўлены афіцыйнаму Менску за дапамогу ў расейскім нападзе на Украіну, прымушаюць айцішнікаў зʼязджаць. Паводле парталу «dev.by», за два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў краіну маглі пакінуць больш за 20 тысяч спецыялістаў. Год таму сектар налічваў 104 тысячы чалавек. Летась эміграцыю працаўнікоў яшчэ мог скампенсаваць прыход новананятых спецыялістаў. Аднак сёлета, як адзначыў партал, ІТ-фірмы звольнілі на 8 тысячаў больш, чым нанялі.

У параўнанні з сямю месяцамі мінулага года эканоміка Беларусі «сціснулася» на 5,2 %. Далейшага скарачэння ўлады пазбеглі, беручы пазыкі ў камерцыйных банкаў – каментуе экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна. Грошы накіроўвалі на падтрыманне дзяржаўных прадпрыемстваў. Грашовая плынь разганяла інфляцыю, якая і так сягае 18 адсоткаў.

«Празмерная ліквіднасць у эканоміцы – адзін з фактараў, які ўплывае на інфляцыю, мае праінфляцыйны характар», – тлумачыць экспертка з Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна.

Ацэньваць эканоміку толькі паводле лічбаў ВУП – не зусім правільна, пераконвае намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч. Паказнікам эканамічнага здароўя, на ягоную думку, ёсць сальда гандлёвага балансу. Упершыню Беларусь прадала прадукцыі на 2 мільярды 300 мільёнаў долараў больш, чым купіла. Аднак радавацца не варта – каментуе Анастасія Лузгіна. Прадпрыемствы перасталі імпартаваць неабходныя для вытворчасці кампаненты.

«Гэта значыць, што ў будучыні мы не зможам вырабляць нешта на экспарт. У будучыні гэтае сцісканне экспарту можа дасягнуць такіх жа памераў, як і сцісканне імпарту», – папярэджвае Анастасія Лузгіна.

Іншыя крытэры для пазітыўнай ацэнкі сітуацыі змяшчае брашура «Ключавыя дасягненні Беларусі на сучасным этапе», распрацаваная Акадэміяй кіравання. У ёй беларусам прапаноўваюць ганарыцца ростам пазіцыі краіны ў малавядомым Сусветным рэйтынгу шчасця. Дасягненнямі называюць само існаванне МАЗу, БелАЗу і Гомсельмашу. Пра тое, што апошні назапасіў даўгоў на 600 мільёнаў долараў і апынуўся на мяжы банкруцтва, ідэолагі не ўзгадваюць. З гонарам адзначаюць, што ў мадэрнізацыю НПЗ уклалі 4 мільярды долараў. Пра тое, што міжнародныя санкцыі заблакавалі экспарт паліва, таксама замоўчваюць. Улады прапануюць цешыцца дасягненнямі ў барацьбе з эпідэміяй ковіду, спартовымі перамогамі ды нават працаю палярнікаў.

«Я думаю, што ўзровень эканамічнага развіцця прапаноўваюць вымяраць па тэрмометры ў кватэры. Маўляў, фігня вашая зарплата, фігня вашая інфляцыя, фігня вашыя даходы, затое ў вас у доме плюс 18 градусаў. Так мы можам рухацца далей, знайсці іншы набор паказчыкаў – напрыклад, сонца свеціць сёння, ужо добра!» – прагназуе Аляксандр Кныровіч.

Надзею на рост эканомікі ўрад ускладае і на прыватны бізнес. Настаў «час магчымасцяў і іх трэба максімальна выкарыстоўваць» – заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч. Прадпрымальнікі, як бачна, думаюць іначай. З пачатку года колькасць малых і сярэдніх фірмаў у Беларусі скарацілася на 3 тысячы.

Аляксандр Папко, «Белсат»