Васіль Быкаў раскалоў украінскую інтэлігенцыю


«Альпійская балада» Васіля Быкава апошнім часам абмяркоўваецца як ніколі. Аповесць збіраюцца выключыць з украінскай школьнай праграмы, і гэта выклікала супрацьлеглыя рэакцыі, у тым ліку і ва Украіне. Адныя даказваюць, што Быкаў у «Баладзе» паказвае ўзорнага расейскага салдата-героя. Іншыя здзівіліся, што адрынутым украінцамі аказваецца той, хто быў у непрымірымай апазіцыі рэжыму Лукашэнкі. Як украінцы абмяркоўваюць рашэнне службовых асоб, глядзіце ў нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Працоўная група пры ўкраінскім Міністэрстве адукацыі і навукі рэкамендавала выключыць са школьнай праграмы замежнай літаратуры Пушкіна, Гогаля, Чэхава… і адзіны ў спісе беларускі твор – «Альпійскую баладу» Васіля Быкава.

«Пры ўсёй павазе да беларускай нацыі і беларускай літаратуры (а мы ўсе бачым іх сваімі пабрацімамі) палітычная дзяржава Беларусь на чале з самаабвешчаным прэзідэнтам Лукашэнкам цяпер рыхтуе чарговую правакацыю, ладзіць вучэнні на паўднёвых межах з Украінай, мабілізуе войскі – таму мы прынялі палітычнае рашэнне, што які заўгодна беларускі аўтар у сённяшніх умовах не можа вывучацца ў школьнай праграме», – тлумачыць удзельнік працоўнай групы кандыдат філалагічных навук Аляксандр Ратушняк.

Такое ж меркаванне выказала большасць экспертнай групы, яшчэ калі адзін з яе чальцоў прапанаваў абмеркаваць зварот Рады Беларускай Культуры ў Міністэрства адукацыі і навукі. У ім Рада спрабуе патлумачыць, што выключаць беларускіх аўтараў, якія сталі ахвярамі савецкага і лукашэнкаўскага рэжымаў, не справядліва.

Па словах выканаўчага дырэктара Рады Беларускай Культуры Аляксандра Чахоўскага, вельмі важна тлумачыць не толькі ўкраінцам і ўкраінскім уладам, але ў прынцыпе ўсяму свету, што ёсць Лукашэнка, у тым ліку людзі мастацтва і культуры на баку Лукашэнкі, – а ёсць сапраўдны гонар нашай краіны, Беларусі, культавыя асобы, такія пісьменнікі, як Васіль Быкаў.

Выключэнне Быкава са школьнай праграмы стала прадметам шматлікіх дыскусіяў, і не толькі паміж беларусамі і ўкраінцамі – агульнага меркавання няма і ў асяродку ўкраінскай інтэлігенцыі. На адным баку нават сталі даказваць, што Васіль Быкаў усяго толькі паказвае ўзорнага расейскага салдата-героя і сведчыць, быццам камунізм і калгасы – гэта добра.

«Быкаў – гэта катастрафічны прыклад аўтара, які намагаўся данесці свой досвед, але ў рамках афіцыйнай прапаганды і цэнзурных абмежаванняў. Атрымлівалася па-рознаму, тая ж “Альпійская балада”» – проста прапагандысцкая «клюква».

Іншыя, як прафесар і доктар гістарычных навук Яраслаў Грыцак, наадварот даводзяць важнасць таго, што Быкаў апісаў у сваёй прозе:

«Калі гаварыць пра Быкава, гэта мой боль. Я лічу, што гэта адзін з, ведаеце, найвялікшых здабыткаў, якія меў Савецкі Саюз, ён адзін з нямногіх, хто расказаў франтавую праўду. Праўду, якая была поўнасцю знішчаная ў час Савецкага Саюзу. Калі б мы ведалі гэтую франтавую праўду больш, калі б Расея ведала гэтую франтавую праўду больш, цалкам рэальна, не з’явілася б ніякага «можам паўтарыць».

Абмяркоўваецца і тое, што сваімі дзеяннямі і словамі экспертная група залічвае Васіля Быкава да расейскай літаратуры, а гэта і ёсць імперскае мысленне, з якім Украіна цяпер змагаецца. І тое, што Васіль Быкаў мусіць адказваць за дзеянні рэжыму Лукашэнкі, хоць быў яго непрымірымым праціўнікам і праз гэта вымушана з’ехаў з краіны.

«Ці хоць на адной расейскай ці беларускай ракеце напісана: “Быкаў”? Наколькі я ведаю, Быкаў не падтрымліваў ніколі Лукашэнку і ягоны рэжым, Быкаў мусіў выехаць з Беларусі і вярнуўся перад самай смерцю, – кажа Яраслаў Грыцак. – Ён беларус, але не належыць да Беларусі Лукашэнкі. Калі чалавек змагаецца супраць Лукашэнкі, а яго забараняюць толькі таму, што ён беларус, гэта якраз тое, чаго мы не хацелі ў дачыненні ўкраінцаў, супраць чаго мы самі выступалі».

«У той акалічнасці, што фігура Васіля Быкава – тэксты якога працягваюць натхняць вязняў гэбісцкіх турмаў і рэйкавых партызанаў, якія ладзяць дыверсіі супраць расейскіх перавозак, – аказалася для ўкраінскіх чыноўнікаў настолькі ж непажаданай, як і для рэжыму Лукашэнкі, што некалі асабіста спрыяў выкіданню пісьменніка з Беларусі, ёсць нешта асабліва недарэчнае і ганебнае».

Але ці будзе абноўленае вывучэнне замежнай літаратуры ва ўкраінскіх школах паводле рэкамендацыяў экспертнай групы, яшчэ не вызначана. Рашэнне мусяць прыняць у Міністэрстве адукацыі і навукі.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»