Як беларускія студэнты едуць у Польшчу


Колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы сёлета вырасце адразу на 15 адсоткаў. Прычына – рэпрэсіі ў Беларусі. Польшча стала галоўнаю краінай, што прымае маладых людзей, якіх пераследуюць за ўдзел у палітычных пратэстах. Пра магчымасці працягнуць за мяжой вучобу, якой перашкодзілі ўлады, распавядае Аляксандр Папко.

За тры месяцы ў Варшаве Віктар Макоўскі навучыўся бегла гаварыць па-польску. Былы студэнт Беларускага ўніверсітэту культуры рыхтуецца пачаць вучобу ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка ў польскім горадзе Торунь. Віктар удзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў, за што ў кастрычніку адседзеў «содні». Пасля вяртання з ізалятару зразумеў: давучыцца яму не дадуць.

«Ва ўніверсітэце пачаліся чысткі. Сталі звальняць з адміністрацыі, з выкладчыцкага складу людзей, якія былі лаяльныя да студэнтаў. Я пачаў разумець, што хутка стане позна, я нікуды не змагу з’ехаць – далей толькі армія ці турма», – кажа Віктар.

Куды эвакуявацца, Віктар доўга не разважаў. Ягоныя сябры, адлічаныя з універсітэтаў раней, ужо зʼехалі на вучобу ў Польшчу.

У Варшаве суайчыннікам, якіх вымусілі пакінуць радзіму, дапамагае Цэнтр беларускай салідарнасці.

«Мы дапамагаем ім адкрыць банкаўскі рахунак, зняць жытло, таму што польскай мовай яны не валодаюць, а з гаспадарамі трэба пагаварыць. Трэба перадаць інфармацыю пра тое, што яны атрымліваюць стыпендыю, бо для арэндадаўцаў важна, каб быў прыбытак у людзей», – распавядае супрацоўнікі Цэнтру беларускай салідарнасці Зміцер Матусевіч.

«У выпадку, калі ёсць трохі часу для адʼезду (і гэта тое, што могуць зрабіць сваякі ў выпадку, калі чалавеку трэба зʼехаць хутка) неабходна забраць з універсітэту атэстат. Калі такой магчымасці няма, бо ўніверсітэты часта атэстат не аддаюць, то трэба зрабіць копію атэстата, і на гэты дакумент паставіць апастыль», – раіць супрацоўніца цэнтру Ірына Губская.

Паводле Задзіночання беларускіх студэнтаў, са жніўня затрымалі не менш за 480 юнакоў і дзяўчат. Як мінімум 158 былі адлічаныя з універсітэтаў. 42 студэнты сталі фігурантамі крымінальных справаў. Дванаццаць з іх ужо асудзілі да пазбаўлення волі. Яшчэ сотні выехалі з Беларусі, асцерагаючыся пераследу. Беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, прынялі ўніверсітэты Літвы, Украіны, Нямеччыны, але найбольш прыехалі ў Польшчу.

Шмат якія маладыя людзі звярталіся наўпрост у польскія ўніверсітэты. Дзякуючы праграме Нацыянальнага агенцтва ўніверсітэцкіх абменаў вучэльні Польшчы залічылі на бюджэтныя месцы і далі стыпендыі дзевяцістам беларускім студэнтам.

Іншая крыніца дапамогі – стыпендыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага, створаная для рэпрэсаваных студэнтаў і навукоўцаў. За 14 гадоў яе ўдзельнікамі сталі каля тысячы чалавек. У гэтым годзе праграма ўжо прыняла 720 чалавек – амаль столькі ж, колькі за ўсю сваю гісторыю. Студэнтам, залічаным на праграму Каліноўскага, даюць стыпендыю памерам трыста еўраў, адпраўляюць на гадавыя курсы польскай мовы, а затым размяркоўваюць ва ўніверсітэты.

«Праграма Каліноўскага – гэта толькі кропля ў моры працы, якую робяць самі беларусы. Мы цешымся, што адказваем на запыт тых беларусаў, якія бачаць шанец на развіццё краіны ў Еўрапейскім Звязе, у новых прававых парадках, якія, на шчасце, паспяхова дзейнічаюць у Польшчы», – каментуе супрацоўнік стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага Марэк Галкоўскі.

Яшчэ да пачатку масавых рэпрэсіяў маладыя беларусы актыўна ехалі вучыцца ў Еўразвяз. За сем гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла больш чым удвая і дасягнула дзевяці тысячаў сямісот чалавек. Амаль столькі ж – 10 700, навучаецца ў Расеі. За сем гадоў іх колькасць скарацілася амаль у два разы.

«Гэта трагедыя, якая можа атрымаць аптымістычны канец. Ва ўсіх краінах, якія змагаліся з постсавецкімі праблемамі (а мы, па вялікім рахунку, расстаёмся з СССР толькі цяпер) зʼязджалі людзі, зʼязджала моладзь. Не ўсе вярнуліся, але вярнуліся многія. Вярнуліся з ведамі, досведам, а часам яшчэ і фінансамі для адкрыцця бізнесу», – нагадвае Аляксандр Мілінкевіч.

Сучасная адукацыя без неабходнасці пакідаць радзіму – такую магчымасць хоча даць моладзі былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. З гэтаю мэтай ён стварае Свабодны беларускі ўніверсітэт. Вучыць студэнтаў онлайн будуць выкладчыкі з Беларусі і краінаў Еўразвязу.

Аляксандр Папко, «Белсат»