«Уводзіш санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? Ты дзейнічаеш, як Гітлер»


З такім пасланнем выступілі падначаленыя Уладзіміра Макея ў адказ на скаардынаваныя дзеянні Еўразвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША і Канады – абвешчаныя 21-га чэрвеня.

«Гэта блюзнерства, што чарговая санкцыйная агрэсія развязаная групаю заходніх краінаў менавіта ў Дзень памяці і смутку, калі 80 гадоў таму «аб‘яднаная Еўропа» на чале з гітлераўскаю Нямеччынаю напала на Савецкі Саюз», – заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі.

У Міністэрстве замежных справаў мяркуюць, што заходнія санкцыі ўдараць па калектывах прадпрыемстваў, па іхных сем‘ях і, па сутнасці, мяжуюць з абвяшчэннем эканамічнай вайны.

«Мы не змагаемся за санкцыі, мы змагаемся за тое, каб выпусцілі палітвязняў. Мы са жніўня спрабавалі рознымі дыпламатычнымі спосабамі паўплываць на рэжым. АБСЕ, ААН, БДІПЧ – рознымі спосабамі спрабавалі данесці: рэжым прайграў выбары, усё!» – патлумачыла «Белсату» Святлана Ціханоўская.

Учора Еўразвяз дадаў у чорны спіс 8 кампаніяў – у тым ліку МАЗ, БелАЗ, Новую нафтавую кампанію – і 78 асобаў. Там сярод алігархаў заўважны расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, сябар і інвестар Лукашэнкі. Брусель абяцае і 5-ты пакет абмежаванняў, калі Лукашэнка не спыніць рэпрэсіяў.

«Санкцыі не прынясуць дэмакратыі ў Беларусь, але яны нанясуць сакрушальны ўдар па рэжыме Лукашэнкі. Калі гэтыя санкцыі, якія цяпер Еўразвяз уводзіць супраць фізічных асобаў, а ў чацвер – супраць сектараў эканомікі, пачнуць дзейнічаць, гэта прывядзе да расколу элітаў ва ўладзе, і будзе магчымасць зноўку актывізаваць грамадства на пратэст», – кажа Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

Разам з Еўразвязам санкцыі ўвялі Вялікая Брытанія, Канада і ЗША.

«У мінулым месяцы мы заявілі, што распрацавалі спіс мэтанакіраваных дзеянняў супраць ключавых асобаў рэжыму Лукашэнкі, звязаных з працяглымі парушэннямі правоў чалавека, карупцыяй, фальсіфікацыяй выбараў 2020-га года і прымусовай пасадкай авіярэйсу «РаянЭйр. Цяпер мы прыцягваем рэжым да адказнасці», – заявіла з трыбуны Дзярждэпартаменту ЗША афіцыйная прадстаўніца Джэніфэр Псакі.

Масква будзе падтрымліваць свайго беларускага саюзніка ажно да самых крытычных абставінаў, заявіў сёння расейскі амбасадар у Беларусі Яўгеній Лук‘янаў.

«Падтрымліваючы Лукашэнку, Расея рызыкуе сапсаваць стасункі з беларускім народам. Беларусы вельмі добра разумеюць, чаму ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі – бо Лукашэнку падтрымлівае расейскае кіраўніцтва», – папярэджвае былы дыпламат Валер Кавалеўскі, які цяпер у камандзе Святланы Ціханоўскай.

Экс-прэм‘ер Міхаіл Мясніковіч перакананы, што ад санкцыяў абедзве дзяржавы толькі ўзмацняюцца.

«У нас саюз (Еўразійскі эканамічны) мае вельмі высокі ўзровень самазабяспечанасці, самадастатковасці. І ў нейкай ступені гэтыя кепскія рэчы, як санкцыі, ствараюць умовы для пад‘ёма нацыянальных гаспадарак», – заявіў журналістам былы прэм‘ер, які цяпер узначальвае Еўразійскую эканамічную камісію.

А цяперашні прэм’ер Раман Галоўчанка заявіў, што ўрад рыхтуе адказ на заходнія санкцыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»