«Кожны выхад з мікрафонам – рызыка трапіць на содні». Як ціснуць на беларускіх журналістаў і іх асацыяцыю


Фінансавую дакументацыю і ліставанне, заявы на ўступленне і пратаколы паседжанняў – і ўсё гэта за больш як трохгадовы перыяд. Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад Беларускай асацыяцыі журналістаў паказаць дакументы да заўтрашняй раніцы.

«Самае цікавае, што некаторыя з гэтых дакументаў мы проста не можам прадставіць, бо яны ў Следчым камітэце з 16 лютага, калі ў нас быў ператрус», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Міністэрства юстыцыі сваё патрабаванне называе планавым маніторынгам, але старшыня БАЖ Андрэй Бастунец з такім азначэннем не згодны:

«Прадставіць усе дадзеныя пра сябраў арганізацыі ці ўступленне ў арганізацыю – на мой погляд, гэта выходзіць за паўнамоцтвы Мінюсту па наглядзе грамадскага сектару ў краіне».

БАЖ будзе змагацца за сваю рэгістрацыю, падкрэслівае кіраўніцтва, бо дзейнасць арганізацыі цалкам легальная і публічная. Між іншага, гэта і дапамога затрыманым калегам: напрыклад, Анджэю Пачобуту, які з хворым сэрцам у зняволенні заразіўся каронавірусам.

«Улады робяць усё магчымае, каб знізіць актыўнасць, каб і калегі, якіх пераследуюць, адчувалі сябе ў небяспецы, і каб не было эфектыўных механізмаў дапамогі, каб мы вымушаныя былі ратаваць самі сябе, а не дапамагаць камусьці з калегаў» – лічыць Барыс Гарэцкі.

Ціск на арганізацыю – толькі частка працэсу фактычнага знішчэння незалежнай журналістыкі ў краіне, адзначаюць бажаўцы.

«Кожны выхад для чалавека з мікрафонам і камерай у адкрытую прастору – гэта заўсёды рызыка трапіць на содні, быць затрыманым, пазбавіцца тэхнікі і гэтак далей», – кажа рэдактарка сайту БАЖ Вольга Хвоін.

У гэты момант за кратамі застаюцца 25 працаўнікоў медыясферы, 23 з іх – у межах крымінальных справаў.

«Відавочна, усё ідзе на тое, каб людзей або выціснуць з краіны, або знішчыць медыя, або перавесці ў шэраг траваедных, каб не пісалі нічога з грамадска значнай павесткі», – лічыць Вольга Хвоін.

Усіх зняволеных журналістаў беларускія ўлады могуць прапанаваць перавесці пад хатні арышт – заявіла Святлана Ціханоўская. Але не таму, што ўсвядомілі іх невінаватасць, а ў чаканні саступак ад Захаду. Ці пойдзе Еўропа на такі кампраміс?

«Калі будзе ўзнікаць аргументацыя такога плану, што ўлады пайшлі насустрач, то, магчыма, нешта і паўплывае, але я, шчыра кажучы, не ўпэўнены. Мне падаецца, што бюракратычны механізм Еўропы павольны, але калі ён ужо закруціўся, то яго спыніць таксама вельмі складана»? – лічыць палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Незалежныя медыі ўспрымаюцца ўладамі як інструмент прапаганды ці замежнага ўплыву, падкрэслівае медыйны эксперт, таму і змагаюцца з імі ўлады як з палітычнымі апанентамі – любымі метадамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»