Да канца тыдня ў Беларусі да 34 градусаў цяпла. Як гэта перажыць


У Беларусі – анамальная спёка. Да канца тыдня слупок тэрмометра будзе вагацца ад 32 да 34 градусаў цяпла. Медыкі ўжо адзначаюць рост колькасці выклікаў з прычынаў цеплавых і сонечных удараў. У асаблівай небяспецы – дзеці і людзі з хранічнымі хваробамі.

«У людзей з хранічнымі захворваннямі, у каторых абвастраецца гіпертанічны крыз, з сэрцам нейкія моманты, на такія выклікі мы выязджаем нашмат часцей. Дзеці ў зоне рызыкі, бо ў іх вельмі хутка працякае момант абязводжання, калі мы мала пʼем вады. Цеплавыя ўдары ў іх адбываюцца нашмат часцей, яны нашмат хутчэй рэагуюць на такую спёку, чым дарослыя», – тлумачыць фельчар хуткай экстранай дапамогі Уладзімір Макарэнка.

Медыкі рэкамендуюць у гарачыя дні піць паболей вады і не забывацца пра галаўныя ўборы. Мы запыталі мінакоў на вуліцах Менску, як яны ратуюцца ад спёкі:

  • «Прымаць раніцай і вечарам душ прахалодны, і ўсё. І не быць доўга на сонцы».
  • «Вентылятар на балкон стаўлю ноччу, і ён дзьме ў кватэру. Але і гэта не дапамагае, бо паветра стаіць, няма ветру. Вось толькі цяпер зʼявіўся, тры дні яго не было».
  • «Мне вельмі падабаецца, я стараюся паболей быць на спёцы».

Людзі цягнуцца да азёраў і рэк. Аднак адпачынак на вадзе можа скончыцца бядою. За мінулы тыдзень, паводле інфармацыі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, у Беларусі патанулі 30 чалавек. Нярэдка прычынаю смерці становіцца алкаголь. Шукаюць паратунку гараджане ў фантанах, што можа быць небяспечным для здароўя праз магчымасць займець інфекцыйныя хваробы. А таксама няшчасныя выпадкі, як здарылася ўчора ў Докшыцах, калі ад удару току ў фантане загінула 23-гадовая Настасся Д.

Hавiны
Смерць дзяўчыны ў фантане ў Докшыцах. Што вядома пра гэта?
2021.06.21 15:33

Небяспечна анамальная тэмпература і для гадаванцаў.

«Сабака можа атрымаць не сонечны ўдар, а цеплавы ад перагрэву цела. Менавіта гэта і небяспечна ў спякотнае надворʼе. Плюс яшчэ такі момант, што асфальт на сонцы награецца вельмі, і сабачыя лапы могуць вельмі хутка пацярпець, ажно да трэшчынаў і апёкаў», – падкрэслівае кінолаг і заводчык спёка.

Выгульваць гадаванцаў найлепей самаю раніцай і позна ўвечары ды браць з сабою ваду. Таксама можна набыць спецыяльную ахаладжальную накідку на цела. І ні ў якім выпадку не пакідайце ў закрытым аўтамабілі. Калі ж вы заўважылі, што гадаванец часта і нерытмічна дыхае, губляе каардынацыю, запомніце парады:

«Мы можам перанесці, перавесці сабаку ў цень, даць яму напіцца, як мінімум, ахаладзіць лапы. Калі ёсць вільготны ручнік, напрыклад, то пакласці сабаку на грудзі. А спіну паліваць сабаку не варта», – рэкамендуе Юля Тарсунова.

Для беспрытульных катоў і дзікіх птушак варта пакінуць ваду ў невялікай ёмкасці. А раслінам у спякоту можна дапамагчы, паліваючы іх увечары.

Марыля Дакуцька, «Белсат»