Сакратар Савету бяспекі разгледзеў на мяжы ўкраінскіх дыверсантаў


Групоўка войскаў на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі павялічылася, а Украіна не толькі нарошчвае колькасць вайскоўцаў ды ваеннай тэхнікі ля мяжы з Беларуссю. Украінскія дыверсійна-выведвальныя групы нібыта заходзяць і на беларускую тэрыторыю. Пра гэта распавёў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Незалежныя ж тэлеграмканалы адзначаюць актыўнасць акурат з іншага боку. Паводле маніторынгавай групы Беларускі гаюн, упершыню за два месяцы на тэрыторыі Беларусі зафіксаваны рух Іскандэраў да мяжы з Украінай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль 20 тысяч украінскіх вайскоўцаў не толькі размешчаныя ўздоўж беларускай мяжы, але й нават заходзяць на тэрыторыю нашае краіны. Сюжэт з такою заявай дзяржсакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча апублікаваў сёння тэлеканал «ВаенТВ».

«Ідзе інжынернае абсталяванне ўчасткаў уздоўж украІнска-беларускай мяжы, уздоўж нашых паўднёвых межаў, мінаванне, стварэнне завалаў, дзеянні дыверсійна-выведных групаў, у тым ліку з заходам на беларускую тэрыторыю», – заявіў дзяржсакратар.

Здымкі Вальфовіча сярод тых жа самых соснаў «ВаенТВ» публікаваў дванаццатага траўня. Але гучная заява з’явілася толькі цяпер.

«Я не бачу асаблівага сэнсу для ўкраінцаў дасылаць нейкія дыверсійныя групы на тэрыторыю Беларусі, асабліва цяпер, калі большасць расейскіх войскаў пайшла з тэрыторыі Беларусі, пайшла ва Украіну. І ў такой сітуацыі напружваць адносіны з Беларуссю не ў інтарэсах афіцыйнага Кіева», – перакананы палітолаг Валер Карбалевіч.

Між тым на тэрыторыі самой Беларусі ўпершыню за два месяцы зафіксавалі перамяшчэнні ў бок украінскае мяжы комплексаў «Іскандэр». Іх разгортванне ўкраінскі Генштаб заўважыў і ў памежнай з Украінаю Белгародскай вобласці Расеі. Комплексы могуць абстрэльваць украінскую тэрыторыю на глыбіню да пяцісот кіламетраў.

Інстытут вывучэння вайны адзначае: расейцы рыхтуюцца да захопу Севераданецку – апошняга апорнага пункту Украіны ў Луганскай вобласці.

«Сітуацыя вельмі цяжкая, баі вельмі зацятыя. І цяпер яны не канчаюцца нават на Бахмуцкім кірунку. Але ворагу, расейскім уладам не ўдаецца прасунуцца да межаў Луганскай вобласці», – украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Паводле Генштабу Украіны, за апошнія содні Збройныя сілы знішчылі 7 танкаў праціўніка, 25 баявых браняваных машынаў, каля двухсот расейскіх жаўнераў. Агулам з пачатку вайны акупанты страцілі забітымі больш за 29 тысяч вайскоўцаў.

Стоячы і з апладысментамі сёння сустракалі прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны. З пачатку вайны ён ужо другі раз ва Украіне – і гэта першы кіраўнік дзяржавы, які выступае ў Вярхоўнай Радзе пасля 24-га лютага.

«На жаль, у Еўропе апошнім часам гучалі і гучаць трывожныя галасы наконт таго, каб Украіна саступіла патрабаванням Пуціна. Хачу сказаць ясна: толькі Украіна мае права вызначацца са сваёй будучыняй. Толькі Украіна мае права вызначацца наконт сябе», – падкрэсліў Дуда, паабяцаў зрабіць усё, каб Украіна стала сябрам Еўразвязу, і заявіў, што міжнародная супольнасць абавязана прымусіць Расею спыніць агрэсію.

«Мы аднолькава ўспрымаем санкцыйную палітыку ў дачыненні Расейскай Федэрацыі. Мы ведаем, што нельга спыняцца на паўкроках, калі трэба спыніць агрэсію. Цяпер Польшча – адзін з лідараў не толькі ў падтрыманні нашай дзяржавы, але і ў абароне і прасоўванні санкцыяў, вельмі патрэбных для прымусу Расеі да міру», – адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Анджэй Дуда прапанаваў падпісаць новую дамову пра добрасуседства паміж дзвюма краінамі. У адказ Уладзімір Зяленскі анансаваў унясенне ў парламент законапраекту аб асаблівым статусе грамадзянаў Польшчы ва Украіне. Да таго ж Кіеў і Варшава дамовіліся спрасціць перамяшчэнне праз мяжу паміж краінамі.

Антон Каменскі, «Белсат»