У Менску распачаўся двухдзённы эка-фестываль «Пастэрнак»


Эка-маркет «Пастэрнак», інфапартнёрам якога выступіў наш тэлеканал, вярнуўся пасля перапынку ў год на вуліцу Кастрычніцкую з разнастайнымі эка-актыўнасцямі. Чайная цырымонія, ёга, лекцыі, канцэрты і дакументальнае кіно – усё, каб прабавіць час з карысцю для сябе ды навакольнага асяроддзя.

«Каб для людзей гэты дзень быў як псіхатэрапія, магчымасць правесці яго так, каб сябе ўнутры напоўніць і, магчыма, сфармаваць новыя звычкі. Увогуле даведацца, як зрабіць свой дом экалагічным, без хіміі, як сартаваць адкіды. І ўсё гэта – праз гульню, праз цікавыя актыўнасці», – распавядае арганізатарка фестывалю «Пастэрнак» Яўгенія Арлова.

Але найчасцей на маркет прыходзяць па набыткі: тут фермерскія прадукты з усёй Беларусі, гэндмэйд-касметыка і эка-ежа – напрыклад, вегетарыянскія бурґеры, якія няпроста адрозніць ад бурґераў звычайных.«Я тут прэзентую мёд з нашае пасекі, і гэта нават не проста мёд, а крэм-мёд – даволі цікавы прадукт цяпер на рынку. Гэта той жа самы мёд, але яго механічна апрацоўваюць, раздрабняюць, і ён робіцца як крэм, вельмі мяккі», – кажа пчалярка Святлана Волчак.

«У нас больш за 30 відаў зеляніны, што мы вырошчваем на ферме. У нас вертыкальная ферма проста ў цэнтры гораду. Самыя папулярныя расліны – гэта гарошак і сланечнік. Гэта ежа будучыні – гэта вельмі карысна, гэта вельмі смачна. Гэта моц цэлае расліны ў адным парастку», – кажа прадавец мікразеляніны «GreenBro» Іван Бялко.

Заўтра ў праграме шмат майстар-класаў, на якіх можна атрымаць новы досвед: сваймі рукамі сплесці торбу-авоську, навучыцца гатаваць веганскі ёгурт, маляваць карціны какосавым малаком, разняволіцца з дапамогаю спеваў або паслухаць музыку, што ствараецца тут і цяпер імправізацыйным аркестрам. Апроч таго, на маркет запрашаюць з кветкамі: іх можна абмяняць на іншыя або забраць упадабаную расліну бясплатна.

Аляксандра Дорская, «Белсат»