Памёр палітвязень Вітольд Ашурак


Вітольд Ашурак памёр за кратамі праз спыненне сэрца. Жыццё палітвязня раптоўна абарвалася ў Шклоўскай калоніі. 5 гадоў турмы за ўдзел у пратэстах ён атрымаў у студзені. Спачуванні блізкім Вітольда Ашурка выказала прадстаўніцтва Еўразвязу.

Пра смерць Вітольда Ашурка ў шклоўскай папраўчай калоніі сваякам паведамілі ў пятніцу вечарам. Даведацца падрабязнасці не ўдалося.

«Да панядзелка не будзе, зараз выходныя, А з панядзелка будзем абзвоньваць і шклоўскую турму. Будзем дабівацца, каб нейкая інфармацыя… Якая гэта інфармацыя, што ён памер ад прыступу? І што далей?» – задае рытарычнае пытанне жонка Вольга Ашурка.

Вітольд Ашурак ніколі не скардзіўся на сэрца, кажуць блізкія і сябры. Але, паводле жонкі актывіста, у яго быў тромбафлебіт, які мог стацца прычынаю спынення сэрца.

«Хачу, каб вельмі хутка і вельмі прынцыпова была зроблена тое расследаванне, якое зараз распачалося па Вітольду. І я хачу даведацца, што стала прычынай ягонай смерці», – адзначае сябра Вітольда Ашуркі, журналіст Андрэй Мялешка.

Незалежных расследаванняў не будзе – пастанавіла сямейная рада.

«Сёння быў сямейны савет, і маці забараніла нам рабіць незалежныя даследаванні. Казала, каб прывезлі дахаты – і ўсё. Была сказана катэгарычна», – падкрэсліла жонка Вольга Ашурка.

Навіна пра смерць актывіста імгненна абляцела інтэрнэт. Каля амбасады Беларусі ў Вільні яшчэ ўвечары з’явіліся знічы. Партрэт Вітольда побач са здымкамі Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі ды зніклых палітыкаў. Спачуванні сямʼі і блізкім выказалі прадстаўніцтва Еўразвязу і амбасадарка ЗША Джулі Фішэр.

Сёння акцыі памяці адбыліся ў Літве, Украіне ды Польшчы.

«Смерць Вітольда Ашурка – гэта забойства. Мы патрабуем расследавання абставінаў ягонай смерці. У нашай народнай амбасадзе тут, у Літве, шмат палітычных уцекачоў, якія былі за кратамі, і ведаем, як цяжка атрымаць медычную дапамогу ў такіх умовах», – зазначыла ўдзельніца акцыі ў Вільні.

Атрымаць медычную дапамогу за кратамі і раней было цяжка. Цяпер жа стаўленне да палітзняволеных толькі пагоршылася, адзначае былы палітвязень Міхаіл Жамчужны.

«Прыпыненне сэрца можа быць пры сучасным утрыманні асуджаных. Таму што там вельмі жорсткі рэжым, вельмі моцныя псіхалагічныя, маральныя нагрузкі, павышаецца ціск. Як называецца гэтая хвароба – гіпертанія, гіпертэнзія яны яе называюць. Гэта і кровазліццё ў мозг, і, натуральна, сэрца – клапаны не вытрымліваюць», – падкрэсліў Міхаіл Жамчужны.

Вітольд Ашурак – жыхар Бярозаўкі – прыйшоў у палітыку пасля Плошчы 2010 года, адседзеўшы тады свае першыя содні. Ён увайшоў у партыю БНФ, быў каардынатарам руху «За свабоду». Балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў месцы пахавання паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Летась актывіста затрымлівалі некалькі разоў.

За кратамі Вітольд сустрэў сваё 50-годдзе. Пасля вызвалення – ізноў арышт. На волю ён ужо н(я) выйшаў. 18 студзеня суддзя Максім Філатаў абвінаваціў актывіста ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія нібыта парушалі грамадскі парадак, і ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні сілавікоў. Прысуд – 5 гадоў пазбаўлення волі.

Адміністрацыя калоніі загадала мець жоўтыя біркі на адзенні палітычных вязняў, пісаў Вітольд з-за кратаў. Ён быў упэўнены, што ўжо ў 21-м годзе выйдзе на волю. Апошнія два тыдні лістоў ад Вітольда не было.

«Будзем спадзявацца, што Вітольд на небе там націсне тыя рычажкі, каб гэта ўсё скончылася. Бо я веру, што ён трапіў наўпрост на неба. Такія людзі не могуць трапіць у іншае месца», – упэўнены сябра Вітольда Ашуркі Сяргей Пантус.

Ігар Станкевіч, «Белсат»