«Вашыя імёны ўспамінаюць палітвязні і ўся краіна». Моцнае апошняе слова на сакрэтным судзе


Новыя выракі ў засакрэчанай справе. Анархістам Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку і Арцёму Салаўю прысудзілі па пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, другому Арцёму Салаўю (хлопцы поўныя цёзкі) – чатыры з паловаю гады калоніі. Справу палітвязняў засакрэцілі, маўляў, таямніца следства. Пракурор Аляксандр Рамановіч і суддзя Алена Міснік спрабавалі схаваць ад грамадскасці працэс, але на волю ўсё роўна вырвалася апошняе слова Яўгена Рубашкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітвязень распавёў, што паказанні запісваліся ў прэс-хаце на Акрэсціна або пасля катаванняў ГУБАЗіКам і СОБРам у будынку Следчага камітэту:

«Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсіяў. І калі камусьці датычнаму да іх будзе ікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязні, якія сядзяць, а з імі іхныя родныя і блізкія, а з імі – і ўся краіна. І апошняе слова не будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе не будуць вольныя!»

Яўген Рубашка нагадаў: суддзі Трэцяга райху закончылі на трыбунале. Між тым, літаральна напярэдадні Лукашэнка выступіў з таталітарным сцвярджэннем, што адвакат…

«Гэта дзяржаўны чалавек. І ягоныя дзеянні мусяць быць заснаваныя на грунце закону, а не нейкіх прыдуманых нормаў – свабоды слова ці іншай свабоды. Мы ўжо наеліся».

І адразу пасля ягонай прамовы прафесіі пазбавілі чарговага адваката.

«У Чысты чацвер кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не атэставала мяне. Дзякуй», – напісала адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Асабліва жорсткі наступ на юрыстаў распачаўся пасля лета 2020-га. Гэтак, адваката Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў калоніі.

Агулам пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў без ліцэнзіі засталіся больш як 50 адвакатаў, сярод іх Дзмітрый Лазавік, які абараняў нашага калегу Уладзіміра Мацкевіча:

«У краіне, дзе не да законаў, адвакаты патрэбныя толькі для птушачкі, каб быў нейкі адвакат, які нічога не вызначае. Каб потым сусветная супольнасць не сказала – бачыце, у іх нават адвакатаў няма».

Рэпрэсіі супраць адвакатаў праводзіліся і ў мінулыя дзесяцігоддзі лукашэнкавай улады, у тым ліку пасля Плошчы-2010 – за абарону палітвязняў. Разам з тым доля апраўдальных прысудаў у Беларусі застаецца на ўзроўні статыстычнай памылкі, яна не перавышала ў 2020 годзе трох дзясятых адсотка.

«Сам суд стаў фармальнасцю і проста перапісвае тое, што яму пішуць следчыя органы, міліцыянты ў адміністратыўных справах, і ўвогуле працэдура разгляду справаў цяпер не адпавядае крытэрыям справядлівага судовага паседжання», – звяртае ўвагу праваабаронца Алег Агееў, рэпрэсаваны адвакат, пазбаўлены ліцэнзіі з палітычных прычынаў у 2011.

Адметна, што Міністэрства юстыцыі цяпер узначальвае Сяргей Хаменка, нарадзінец Данбасу, генерал унутраных войскаў, які нават не мае юрыдычнай адукацыі. Але актыўна ківае на паседжаннях з Лукашэнкам і намесніцай ягонай адміністрацыі юрысткаю Вольгай Чупрыс. Пазбаўлены з палітычнай прычыны ліцэнзіі адвакат Міхаіл Кірылюк згадвае: некалі абараняў людзей, блізкіх да генералітэту, якія абураліся судовай сістэмай:

«Яны прыходзілі і вельмі здзіўляліся: як такое бясчынства, што яны робяць? Ты ім кажаш: твае падначаленыя гэта робяць апошнія 10 гадоў, ты не бачыш ніякай розніцы? – Не, ну гэта іншае. Яны ўспрымаюць, што мы да вас можам як хочам, а мы паміж сабой можам вырашаць усё паводле закону. Яны не разумеюць, што для Лукашэнкі, ці для кагосьці, хто стаіць бліжэй да Лукашэнкі, яны такі ж разыходны матэрыял».

Рэпрэсаваны адвакат Дзмітрый Лазавік дадае – уладу ў Беларусі незаконна захапіла ваенізаваная хунта, а таму аж да сканчэння рэжыму справядлівага суда ў краіне не будзе.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»