Далёкія геаграфічна, блізкія сэрцам – Японія падтрымлівае Украіну


Несправакаваны масаваны напад Расеі на Украіну адбіваецца для Масквы па ўсім свеце. Апроч эканамічных санкцыяў, выбухаюць і старыя назапашаныя праблемы. Гэтак Японія нагадала пра спрэчны статус чатырох астравоў, якія Расея лічыць сваімі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Упершыню за апошнія 19 гадоў Японія афіцыйна назвала астравы Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі «незаконна акупаванымі Расеяй». Гаворка пра выспы, якія ў Маскве называюць выключна Паўднёвымі Курыламі. Пазіцыя Токіа была прадэманстраваная ў пятніцу ў «Блакітнай кнізе дыпламатыі» – афіцыйным дакуменце ўраду, які вызначае замежную палітыку. У Крамлі ўжо адрэагавалі.

«Японія стала несяброўскай дзяржавай і далучылася да варожых дзеянняў іншых дзяржаваў супраць РФ», – заявіў пуцінскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў.

Праблема Паўночных тэрыторыяў Японіі, якія ў Расеі называюць Паўднёвымі Курыламі, гэта даўняя гістарычная праблема. Гэтыя чатыры выспы ніколі не былі ў складзе Расеі да 1945-га года. Савецкі Саюз проста захапіў іх, адкрыўшы японскі фронт пад самы канец Другой Сусветнай вайны.

«З пункту гледжання гісторыі і нарматыўных актаў, якія былі падпісаныя ці непадпісаныя, то ў Японіі вельмі добрыя абгрунтаванні прэтэнзіяў на гэтыя тэрыторыі. Чаго і Японія, і саюзнік ЗША прытрымліваюцца», – тлумачыць Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Японія падпісала мірную дамову са Злучанымі Штатамі. А з Савецкім Саюзам і Расеяй адпаведна – не. Менавіта з прычыны спрэчных выспаў.

«Курыльскія выспы сканчаюцца да акупаваных тэрыторыяў. Гэта ўжо расейцы назвалі іх Паўднёвыя Курылы. Але гэта няпраўда. Гэтаксама можна было захапіць Хакайда і сказаць, што гэта проста Паўднёвыя Курылы працягваюцца», – усміхаецца харкаўскі выкладчык японскай мовы Барыс Мароз.

У той жа «Блакітнай кнізе дыпламатыі» Японія выразна асудзіла расейскую агрэсію ва Украіне. Дзеянні расейскіх войскаў у Токіа называюць «гвалтам, што падрывае асновы міжнароднага права, такія, як забарона ўжывання сілы і верхавенства права».

«Для іх Расея выглядае, як сатэліт Кітаю, і як дзяржава, якая ўзмацняе сабой Кітай. Яны баяцца, што гэтая вайна прыдасць упэўненасці Кітаю, і Кітай зможа на іх напасці», – тлумачыць матывы японцаў Барыс Мароз.

Японія традыцыйна мае добрыя стасункі з Украінай. Гэта працавала і на чалавечым узроўні, тлумачыць Барыс Мароз. Выкладчык японскай мовы і папулярызатар японскай культуры прыгадвае свой досвед працы з афіцыйнымі прадстаўнікамі Токіа.

«Заўжды была традыцыя, што амбасадар Японіі меў ідэальную ўкраінскую мову. Яны праходзілі курсы і выдатна размаўлялі па-украінску. Для параўнання, ніводзін амбасадар Расеі за ўсе гады ўвогуле нічога не мог сказаць па-украінску», – прыгадвае эксперт.

Украінцы, якія пацярпелі ад вайны, змаглі знайсці прытулак у Японіі.

«Мы працуем з урадам Японіі ў пытанні эвакуяваных асобаў. Мы не называем іх уцекачамі, яны – эвакуяваныя. Прыкладна 600 асобаў прыбылі ў Японію, і мы чакаем яшчэ больш», – заявіў амбасадар Украіны ў Японіі Сяргей Корсунскі.

Звычайныя японцы маюць грунтоўныя антываенныя традыцыі, і цяпер моцна спачуваюць украінцам. Увесь інтэрнэт абмяркоўвае эмоцыі Юміко Мацуо, вядоўцы тэленавінаў на Асахі ТВ.

Голас падвёў дасведчаную журналістку, калі яна зачытвала навіну, як Пуцін узнагародзіў 64-ю мотастралковую брыгаду з-пад Хабараўску, якая здзейсніла масавае забойства цывільных асобаў у Бучы.

Адразу потым Юміко Мацуо зачытвала інфармацыю пра тысячу марыупальцаў, якія хаваюцца ад расейскіх звыш-цяжкіх бомбаў у бункеры заводу «Азоўсталь». І расплакалася.

Японія дасылае Збройным сілам Украіны бронекамізэлькі, каскі, сродкі хімабароны, маскавальныя сеткі і нават беспілотнікі. Токіа вылучыць Кіеву крэдыты на 300 мільёнаў долараў.

«Салідарнасць міжнароднай супольнасці цяпер патрэбная больш, чым калі-кольвек. Расейская агрэсія ва Ўкраіне разбурае міжнародны парадак», – заявіў японскі прэм’ер-міністр Фуміё Кісіда на сустрэчы з швейцарскім калегам.

Папярэдні кіраўнік японскага ўраду Сіндза Абэ меў іншую стратэгію.

«Залагодзіць Пуціна, выключна дыпламатыя, дыпламатычная мова. Але гэтая стратэгія не спрацавала. І прэм’ер Кісіда больш жорсткі адносна Пуціна», – нагадвае Яўген Красулін.

Пры гэтым грамадзяне крытыкуюць урад за недастаткова моцныя санкцыі адносна Расеі. Бо вайна працягваецца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»