Па справе аб «дзяржперавароце» праходзяць чатыры падазраваных

Камітэт дзяржбяспекі выставіў абвінавачанні 4-м затрыманым у справе аб нібыта падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на жыццё Лукашэнкі. У ведамстве сцвярджаюць, што фігуранты актыўна супрацоўнічаць са следствам.

Чацвярым затрыманым у справе аб дзяржаўным перавароце выставілі абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак. З ягоных словаў, затрыманыя даюць прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам.

Імёны трох фігурантаў справы вядомыя – гэта паліткансультант Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і адвакат Юрый Зянковіч.

Жыхары Менску кажуць:

«Ну зразумела, чаму яны прызнаюцца. Б’юць, магчыма. Мы ж усе ведаем, як там усё працуе, у Расеі, у Беларусі».

«Я думаю, гэта падстроена. Тыя метады, што выкарыстоўваюць… Калі іх катуюць – яны скажуць усё, што заўгодна. Толькі б катаванні спыніліся».

«Каму гэта трэба – замахвацца на яго? Гэта поўная бязглуздзіца».

Пра актыўную супрацу са следствам мы чуем не ўпершыню. Прычынаю, на думку экспертаў можа быць псіхалагічны або фізічны ціск. Прызнанні могуць мець і іншую падставу.

«Магчыма, з-за таго, што людзі не адчуваюць, што яны рабілі нешта злачыннае. Мы не ведаем дакладных доказаў, дакладных фактаў па гэтай справе», – гаворыць палітолаг Андрэй Казакевіч.

Спробу нібыта дзяржаўнага перавароту ў Беларусі ды замаху на Лукашэнку быццам бы перадухіліла ФСБ супольна з КДБ Беларусі. Учора падзеі пракаментаваў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

«А што было б, калі б спроба дзяржперавароту была рэальна зробленая? Да гэтага ж усё і вялося. Колькі б людзей пацярпела? Як бы складваўся лёс Беларусі? Пра гэта ніхто не думае», – сказаў Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Сведчанне Пуціна пра рэальнасць змовы, на думку палітолага Паўла Усава, можа прывесці да практычных крокаў – магчыма – у бліжэйшыя дні.

«Тады, вядома, уся гэтая аперацыя ўбудоўваецца і мае сваю логіку. Ёсць тэрарысты, ёсць спроба забойства Лукашэнкі і захопу Беларусі, а гэта азначае, што Расея мусіць нейкім чынам рэагаваць. А рэагаваць як? Рэагаваць тым, што ўводзіць вайсковы кантынгент у Беларусь і такім чынам бараніць незалежнасць, суверэнітэт і мір у Беларусі», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Пра датычнасць Злучаных Штатаў Амерыкі да рыхтаванага замаху заявілі Аляксандр Лукашэнка і ФСБ Расеі. У Белым доме гэтыя абвінавачанні абверглі. Сёння ж прадстаўніца МЗС Расеі заявіла, што без ведама амерыканскіх спецслужбаў падрыхтоўка да перавароту хутчэй за ўсё праходзіць не магла.

«Для ўладаў галоўнае – падтрымліваць інфармацыйны шум вакол гэтай змовы. Як унутры краіны, у тым ліку ў самой Расеі, так і за мяжою. Гэта інфаповад, інфашум. І чым больш людзей будзе пра гэта казаць, чым больш людзей будзе пад гэта падцягнута, тым лепш для ўладаў. Фактычна гэта патрэбна дзеля таго, каб дэзарыентаваць людзей у Беларусі, каб перанакіраваць увагу на абсалютна абсурдныя рэчы», – зазначае Павел Усаў.

Фігурантаў справы затрымалі на мінулым тыдні. Рыгора Кастусёва – у Беларусі, Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча – у Маскве. Затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама