Чарговыя судовыя прысуды і ціск на журналістаў


Беларускія суды прыцягваюць выносіць прысуды палітычным зняволеным, а журналістаў затрымліваюць за іх працу.

Першае судовае паседжанне ў чарговай справе за абразу прэзідэнта адбылося ў судзе Першамайскага раёну сталіцы. Паводле следства, летась у верасні Вольга Насыр у Telegram-канале «Менск 97» размясціла каментары з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі ў дачыненні Лукашэнкі.

«Сядзела на працы ў абедзенны перапынак. Падыходзіць малады чалавек, выхоплівае тэлефон, вас вінавацяць паводле артыкулу 368, абраза прэзідэнта. Сказалі – збірайцеся, вы едзеце з намі. Паехалі дадому на ператрус, забралі БЧБ-сцяг, ноўтбук, натуральна, тэлефон адразу ж», – узгадвае Вольга Насыр.

У судзе жанчына прызнала віну, аргументуючы ўласныя дзеянні эмоцыямі праз навіны, якія чытала ў той час.

«Тое, што адбывалася ў той момант пасля выбараў прэзідэнта, – многія людзі былі ўражаныя падзеямі, шмат негатыўнай інфармацыі з’яўлялася, і ўсе бачылі, што адбываецца. Таму суд павінен быў абапірацца на тое, у якім стане яна была, калі пісала гэтыя каментары», кажа сябра абвінавачанай Віталь.

Абвінаваўца Ганна Лапянок запатрабавала для Вольгі Насыр пакаранне – адзін год «хатняй хіміі». Прысуд у справе суддзя Максім Трусевіч мае абвесціць заўтра.

За іншы каментар – пра тагачаснага міністра ўнутраных справаў Караева 48-гадовага Дзмітрыя Пашкевіча пакаралі чатырма гадамі «хатняй хіміі» ды прымусовым лячэннем, бо мужчына мае псіхалагічныя асаблівасці. Справу ў судзе Ленінскага раёну разгледзела суддзя Марына Запаснік.

У судзе Маскоўскага раёну працягваецца пачаты тыдзень таму разгляд справы Андрэя Санчука. Палітзняволенага барабаншчыка судзяць адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу – за арганізацыю і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках.

«Я так і не зразумела, чаму яго судзяць. Бо ніякіх парушэнняў я там проста не ўбачыла. Указкі лазерныя ставяць у віну, што ён карыстаўся, а яны забароненыя законам, гэтыя ўказкі? У гаражы ляжала піратэхніка, а яна што, забароненая?», – здзіўляецца Наталля, якая прыйшла на суд падтрымаць Андрэя Санчука.

Андрэя Санчука затрымалі ў лістападзе разам з групаю барабаншчыкаў, якія сталі адным з сімвалаў пратэставых маршаў. Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.

Не спыняецца ціск на журналістаў. Раніцай у Горадні быў затрыманы фатограф Валер Юдзін. У кватэрах журналістаў і офісе светлагорскай медыякампаніі «Ранак» Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў ператрусы. А пінская міліцыя затрымала менскіх журналістаў-фрылансэраў – фатографа Іллю Маліноўскага і аператара Максіма Гарчанка.

Ужо другую крымінальную справу – за фінансаванне беспарадкаў – завялі супраць кіраўніцы дабрачыннай арганізацыі «Палеская дабрыня», жыхаркі Пінску Алены Шымолінай.

Берасце з яго «карагоднай» і «пінскай» справамі ўвогуле застаецца лідарам у краіне – са жніўня тут завялі 349 палітычна матываваных справаў, пераважна за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх. Праваабаронцы адзначаюць, што ажно траціна ўсіх палітзняволеных – жыхары Берасцейшчыны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»