Вакцынацыя ў Беларусі вядзецца маруднымі тэмпамі


Палова насельніцтва Ізраілю цалкам вакцынаваная ад каронавіруса, то бок атрымала 2 дозы вакцыны. Яшчэ 58 адсоткаў грамадзянаў вакцынавалі адною дозай.

«Мы – нацыя вакцынацыі. У нас ёсць вакцыны для кожнага грамадзяніна, для кожнага», – кажа прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу.

У нашай краіне, з прыкладна такой жа колькасцю насельніцтва, прышчапілі толькі 40 тысяч чалавек.

«Я прыняў рашэнне, паколькі ў мяне ёсць антыцелы, вакцынавацца не трэба. Я так пастанавіў», – на днях распавёў медыкам Аляксандр Лукашэнка.

Улады Беларусі, у адрозненне ад ізраільскіх, не збіраюцца набываць заходнія вакцыны, пастаўленых жа нам кітайскіх хопіць толькі для 50 тыс. чалавек, а расейская партыя «Спутніка V» пакуль яшчэ не прайшла правяранне якасці. Уласны ж выраб вакцыны «Спутнік V» плануецца распачаць у апошнія дні сакавіка. Стаўка беларускіх уладаў на расейскую вакцыну мае некалькі істотных мінусаў, мяркуе журналістка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Бублікава, якая ўшчыльную займаецца даследаваннем праблемы вакцынацыі ў нашай краіне:

1) «Нам будзе цяжэй выехаць за мяжу, таму што Еўропа прызнае толькі свае, еўрапейскія вакцыны, а «Спутнік» яшчэ не мае еўрапейскай сертыфікацыі.

2) «Турысты, якія прыязджаюць у Польшчу і ўжо вакцынаваныя еўрапейскімі вакцынамі, могуць не сядзець на 10-дзённым каранціне, а калі ты прывіты «Спутнікам», то ўсё адно маеш перабываць на каранціне».

3) «Як выглядае нашая вытворчасць? Мы парашкападобную вакцыну разбаўляем. І тут на першы план выходзіць залежнасць ад расейскай сыравіны. Гэта таксама мінус».

Яшчэ адну асаблівасць маюць усе вакцыны – яны мусяць захоўвацца і транспартавацца ў холадзе. Для «Спутніка V» гэта мінус 18 градусаў. Павышэнне тэмпературы нават на паўградуса і ўсяго на паўгадзіны прывядзе да таго, што вакцына можа страціць прыдатнасць. Цяпер беларускія паліклінікі масава закупляюць адмысловыя лядоўні для захавання вакцынаў.

«Дзяржустановы бяруць па сярэдніх коштах, а вылучаецца на гэтым фоне адна паліклініка, якая абслугоўвае міліцыянтаў і іншых працаўнікоў МУС, яны вырашылі закупіць лядоўню за 13 тысячаў беларускіх рублёў, гэта прыкладна 4 з паловаю тысячы еўраў», – кажа Таццяна Бублікава.

І гэта, як падлічыла журналістка, у 15 разоў даражэй за лядоўні для паліклінік, якія абслугоўваюць шараговых беларусаў.

«У краіне людзі падзеленыя на сілавікоў і простых людзей, на дубінкі і тых, хто трапляе пад удар. І мы належым да тых, хто не годны атрымліваць годнае абсталяванне і лячэнне, а сілавікі годныя».

«Людзі ў форме – гэта слугі народу, а не прывілеяванае саслоўе феадальнае, паводзяцца як баяры».

«Расставілі прыярытэты ў краіне, усё відавочна», – кажуць жыхары Менску.

Паліклініка МУС хацела набыць маразільню на батарэях на выпадак адключэння электрычнасці. Аднак у выніку медустанова набыла таннейшую лядоўню без крыніцы бесперабойнага электрасілкавання. Як паведамілі ў паліклініцы, генератар электрычнасці плануюць купіць асобна… каб вакцыны для міліцыянтаў былі ў бяспецы.

Вольга Старасціна, «Белсат»