Дзень Волі можа адбыцца без масавых імпрэзаў


Выглядае на тое, што другі год запар Дзень Волі пройдзе без масавых імпрэзаў. 9 сакавіка прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За свабоду» і грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця, мітынгу і канцэрту з планаванаю колькасцю 30 тысяч удзельнікаў. Аднак менская міліцыя адмовілася падпісаць з арганізатарамі святкавання дамову аб ахове мерапрыемства.

«Гэта неабходная працэдура па заключэнні дамоваў з абслугоўваннем медычным, з камунальнымі службамі і міліцыяй. Станоўчы адказ мы атрымалі ад медыкаў. Камунальнікі спасылаліся на Менгарвыканкам, а міліцыя цягнула да апошняга. І вось зараз мы маем іхны афіцыйны адказ», – пракаментаваў адказ Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

У ГУУС Менскага гарвыканкаму аргументавалі сваю адмову тым, што на фоне пандэміі каронавіруса і заклікаў шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы правядзенне масавага мерапрыемства не падаецца магчымым.

«Выглядае, што міліцыя распісалася ва ўласнай недзеяздольнасці. Бо спасылацца на тое, што на нейкіх неназваных тэлеграм-каналах прагучалі нейкія заклікі да экстрэмізму, і з гэтае нагоды адмаўляць у ахове грамадскага парадку – гэта азначае, што яны не кантралююць сітуацыі», – працягвае Юрась Губарэвіч.

Акрамя Менску заяўкі на правядзенне імпрэзаў да Дня Волі падавалі актывісты з Астраўца, Слоніму і Магілёва. Але і там – адмовы ад мясцовых уладаў.

«Улады баяцца пратэставых настрояў. Беларускія ўлады вельмі баяцца таго, што людзі даведаюцца гістарычную праўду. Яны баяцца таго, што ў сэрцах і галовах людзей бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня занялі сваё пачэснае месца», – кажа старшыня БНФ «Адраджэнне» Рыгор Кастусёў.

Але ці гатовыя беларусы ў цяперашняй палітычнай сітуацыі выйсці на несанкцыянаваны Дзень Волі? Мы запыталіся ў жыхароў Віцебску:

«Хай апазіцыя шукае формы і шляхі. Але свята трэба адзначаць, каб грамадства ведала пра гэтую падзею».

«Ну, я не ведаю. Тады, напэўна, ніяк. Проста выйсці на вуліцу мірна не атрымаецца. Агулам выйсці не атрымаецца. Проста будуць затрымліваць людзей і ўсё».

«Заяўку трэба падаваць. Адмовілі? Ну тады гэта складаней. Проста так не выйдзеш на вуліцу, бо адразу цябе забяруць».

«Якая ж у нас воля? Я думаю, усе цудоўна ўсё разумеюць».

Беларускія ўлады не ўпершыню забараняюць імпрэзы для святкавання Дня Волі, а несанкцыянаваныя акцыі жорстка падаўляюць. Выключэннем стаў 2018 год, калі на сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускае Народнае Рэспублікі ў Менску адбыўся шматтысячны святочны канцэрт.

Летась з прычыны эпідэміі каронавіруса святкаванні праходзілі онлайн.

Алесь Баразенка, «Белсат»