Расейскія вайскоўцы афіцыйна ўварваліся на тэрыторыю Украіны

Расейскія кадравыя вайскоўцы цяпер афіцыйна ўварваліся на тэрыторыю Украіны, паводле загаду Уладзіміра Пуціна. Хоць яны там ужо былі і раней, з 2014-га года, разам з гібрыднымі сіламі. Пасля таго, як Масква афіцыйна прызнала так званыя ДНР і ЛНР незалежнымі дзяржавамі, і афіцыйна скіравала туды войскі, расейскія грамадзяне або радуюцца, або чакаюць лютых санкцыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спачатку аб прызнанні ДНР і ЛНР незалежнымі дзяржавамі заявіў Пуцін, потым Дзяржаўная Дума Расеі – адзінагалосна і Савет Федэрацыі.

«Гэта будзе год, калі Расея зноўку стане вялікай краінай, і ўсе мусяць заткнуцца і паважаць нашую краіну. Іначай яны нам будуць затыкаць рот і знішчаць рускіх спачатку ў Данбасе, а потым у Заходняй Расеі», – заявіў з трыбуны Дзярждумы старшыня Ліберал-Дэмакратычнай Партыі Расеі Уладзімір Жырыноўскі.

Як сёння заявіў Пуцін, Масква прызнае ДНР і ЛНР у межах Данецкай і Луганскай вобласцяў. А значыць, падтрымае наступ на тэрыторыі, кантраляваныя Украінай.

«Луганск і Данецк пад нашай абаронай. Любы снарад з боку бандэраўскай сволачы прывядзе да поўнага краху ўкраінскай нацыяналістычнай улады. Мы вызвалім народ Украіны. Я ўпэўнены, што ўся Украіна будзе расейскай», – заявіў у відэазвароце дэпутат Дзярждумы Аляксей Жураўлёў, старшыня Партыі «Родина».

Расейскія гібрыдныя сілы ДНР і ЛНР сёння цэлы дзень абстрэльвалі тэрыторыі, кантраляваныя Украінай. А ў Данецку і Луганску, насуперак каменданцкаму часу, прыхільнікі аб’яднання з Расеяй ладзілі феерверкі.

Гэта голас тых, хто з сацыяльнага дна стаў камандзірам баевіком і атрымаў бясплатна чужую кватэру, тлумачыць былы кіраўнік Данецкай вобласці, як цяпер узначальвае грамадскую арганізацыю «Баявое братэрства Украіны».

«Дастаткова шмат людзей, якія ненавідзяць так званую ДНР, ЛНР і Расею ў тым ліку. Але яны вымушаныя маўчаць, бо нават сёння ім прыходзіць СМС “ваш тэлефон праслухоўваецца”. Не тое, што публічна заявіць, а яны нават па тэлефоне з дзецьмі баяцца пра гэта казаць», – распавядае Паўло Жэбрыўскі.

Большасць апытаных «Белсатам» расейцаў успрынялі навіну пазітыўна:

«Дапамагаць трэба. Вы ж цудоўна разумееце, што там сапраўднае забойства, генацыд. Яны ж свайго будуць дабівацца».

«61 тысячу дармаедаў прывязуць сюды. У нас і так пенсіянеры з голаду падыхаюць».

«Шкада, калі будуць гінуць нашыя салдаты, але я лічу, што гэта неабходна».

«Мы толькі за. Войскі ўвесці – правільна».

«Умовы жыцця ў Расеі пагоршацца. Бо санкцыі будуць лютыя».

Сёння Вялікая Брытанія дадала ў чорны спіс 5 расейскіх банкаў і траіх алігархаў, блізкіх да Пуціна: Генадзія Цімчанку, Барыса Ратэнберга і ягонага пляменніка Ігара Ратэнберга. І гэта толькі пачатак, папярэдзіў брытанскі прэм’ер.

«Адказ свету на дзеянні Пуціна на Данбасе робіць відавочным, што Пуцін зробіць Расею бяднейшай у выніку санкцыяў свабоднага свету. Зробіць Расею больш ізаляванай, дзяржавай-ізгоем. Немагчыма, каб Расея прымала футбольныя чэмпіянаты і ўрывалася ў незалежныя дзяржавы», – заявіў у брытанскім парламенце прэмʼер-міністр Борыс Джонсан.

Абвяшчэнне захопленых тэрыторыяў Украіны незалежнымі дзяржавамі ДНР і ЛНР асудзіла нават Японія. Токіа забароніць пастаўкі ў Расею паўправаднікоў і высокіх тэхналогіяў.

«Японія будзе каардынаваць свае дзеянні з “Вялікай сямёркай” ды іншымі чальцамі міжнароднай супольнасці ў справе жорсткіх санкцыяў», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Японіі Фуміё Кісіда.

Адмысловае паседжанне «Вялікай Сямёркі» – абʼяднання наймацнейшых эканомік свету – адбылося сёння ў Парыжы. Злучаныя Штаты ўжо назвалі дзеянні Масквы «уварваннем ва Украіну», а значыць, перамовы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна могуць не адбыцца.

Еўразвяз таксама падрыхтаваў першасныя санкцыі. У чорны спіс трапілі ўсе дэпутаты Дзярждумы, што галасавалі за вайсковую дапамогу сепаратыстам, і некалькі банкаў.

А Нямеччына замарозіла сертыфікацыю газаправода «Норд Стрым-2» па дне Балтыйскага мора.

«Як Кіеў заўжды падкрэсліваў, “Паўночная плынь – 2” ніколі не была бізнес-праектам, яна мае геапалітычнае прызначэнне, перадусім каб абысці Украіну ды зрабіць рынак Еўразвязу больш залежным ад расейскіх энерганосьбітаў. Так што гэта важны крок, каб аддзяліць еўрапейскую энергетыку ад расейскага пастаўніка газу», – ацэньвае санкцыі Нямеччыны Арыся Луцэвіч, кіраўніца Ўкраінскага форуму ў «Chatham House».

Украінцы, апытаныя «Белсатам», успрынялі дзеянні Масквы спакойна. Большасць не выключае, што ўварванне Расеі не абмяжуецца Данбасам. Але ўцякаць людзі не плануюць.

Вось што кажуць жыхары Кіева:

«Я на камеру не буду казаць, што буду рабіць. Буду абараняць».

«Я не ўмею аўтамат трымаць. Буду дапамагаць матэрыяльна, можа, медсястрой».

«Буду працягваць жыць і працаваць. Дапамагаць. Плаціць падаткі».

Як заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, Украіна кваліфікуе дзеянні Масквы, як парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці, і не выключаны разрыў дыпламатычных стасункаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама