«Беларусь страціла шмат». Што абмяркоўваюць на бізнес-форуме ў Вільні?


Каб згуртаваць беларускі бізнес за мяжою. У Вільні праходзіць бізнес-форум

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за дзве сотні наведнікаў, каля 20-ці спікераў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі ды, вядома, з Беларусі сабраліся сёння ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, каб абмеркаваць праблемы беларускага бізнесу за мяжой і – галоўнае – спосабы іх развязаць. Поўнай статыстыкі наконт колькасці ўсіх рэлакаваных беларускіх кампаніяў няма. Толькі ў Літву з канца 2020-га года прыехалі каля 40 кампаніяў.

«Працэс трывае. Яшчэ 40 думаюць або ў працэсе рэлакацыі, больш за дзве тысячы асобаў пераехалі разам з бізнесам», – кажа намесніца літоўскага міністра эканомікі Ёвіта Нялюпшыене.

Асноўныя праблемы, з якімі беларускі бізнес сутыкаецца за мяжою, залежаць ад краіны вядзення справы.

«У Польшчы і ў Літве гэта моўны бар’ер. Часта ёсць неразуменне мясцовага заканадаўства. Людзі хочуць атрымліваць кансультацыі: як правільна адкрыць бізнес, весці, набіраць людзей, плаціць падаткі, элементарныя рэчы для бізнесу», – дзеліцца Яўген Буры, старшыня Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою.

На форуме абмяркоўвалі і тое, як спрасціць умовы рэлакацыі. Як правіла, краіны-суседкі зацікаўленыя, каб беларускі бізнес мог цалкам інтэгравацца.

«У сярэдзіне мінулага года мы адмянілі мытны падатак, каб за перавезеныя асабістыя рэчы не трэба было плаціць. Цяпер пераглядаем заканадаўства, каб людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю і працоўныя магчымасці, маглі пераехаць яшчэ прасцей», – кажа Ёвіта Нялюпшыене.

Насуперак частаму меркаванню, пастанаўляюць выехаць з Беларусі не толькі IT-кампаніі.

«Ёсць і маленькія кампаніі, прамысловасць, традыцыйныя бізнесы: цырульні, крамы», – кажа Гінтарэ Бачуліене, старшыня кірунку індустрыі тэхналогіяў.

У 2021-ым годзе Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою праводзіла апытанне, ці гатовыя беларускія бізнесоўцы пасля змены ўлады вярнуцца ў Беларусь. Большасць адказала, што плануе вярнуцца. Пасля 2020-га года беларускі бізнес масава стаў рэлакавацца праз рэпрэсіі.

«Беларусь страціла вельмі шмат. У першую чаргу гэта інтэлектуальны здабытак Беларусі, прадпрымальнікі – ініцыятыўныя, прасунутыя людзі. Калі яны выязджаюць, губляюць працу тыя, каго яны наймалі», – дзеліцца Яўген Буры.

Арганізавала форум Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою. Праходзіць імпрэза пад патранажам Офісу Святланы Ціханоўскай.

Алёна Дубовік, «Белсат»