У Беларусі прывілі 0,001 % насельніцтва


«Спецыфічнай тэрапіі ў адносінах да гэтай хваробы дагэтуль няма. Ёсць шэраг прэпаратаў, якія ёсць кандыдатамі, гэта супрацьвірусныя прэпараты», – кажа Сяргей Краўчанка, старшыня нацыянальнай медычнай палаты Украіны.

Аднак усцяж не пацверджаная іх эфектыўнасць супраць каронавіруса. Лекар-эпідэміёлаг сцвярджае, што вакцынацыя дазволіць спыніць распаўсюд інфекцыі.

«У нас пандэмія ўсё ж такі новай небяспечнай хваробы COVID-19, пра якую мы яшчэ мала што ведаем, мы не ведаем, якія наступствы нас чакаюць у будучыні, таму вакцына-прафілактыка і фармаванне калектыўнага імунітэту штучным шляхам… выходзяць на першае месца».

Лідар – паводле колькасці вакцынаванага насельніцтва – Ізраіль: першы кампанент вакцыны «Pfizer» атрымалі больш за 45 % 9-мільённага насельніцтва краіны.

У Беларусі, дзе прыкладна такая ж колькасць насельніцтва, прывілі нуль цэлых адну тысячную адсотка грамадзянаў. Паўгода таму Пуцін паабяцаў Лукашэнку, што Беларусь першай атрымае расейскую вакцыну, дасланых дозаў «Спутніка V» хапіла, каб прышчапіць толькі 10 тысяч чалавек. Сёння прагучалі новыя абяцанні.

Уладзімір Пуцін: «У лютым і ў сакавіку будуць наступныя пастаўкі. Але самае галоўнае – гэта тое, што мы на вашым прадпрыемстве…»

Аляксандр Лукашэнка: «…паводле вашых тэхналогіяў мы вытворчасць у сакавіку пачынаем…»

Уладзімір Пуцін: «Дакладна! І што вельмі важна: тэхналогіі перададзеныя».

Днямі Расея зарэгістравала трэцюю вакцыну – «КовіВак». Лукашэнка чарговы раз пахваліўся… планамі: «Да восені мы атрымаем сваю вакцыну. Адмыслоўцы ў нас ёсць».

Такі падыход істотна запаволіць тэмпы вакцынацыі, перакананы Андрэй Елісееў, эксперт «EAST CENTER», ISANS.

«Беларускія ўлады… ствараюць проста імітацыю, карцінку, а не дзейнасць. Маўляў, Расея паабяцала перадаць вакцыны, маўляў, дамовімся, што будзем рабіць сваю вытворчасць, і цяпер можна сядзець склаўшы рукі і чакаць, калі пойдуць пастаўкі».

Падобна змагаліся ўлады нашай краіны і з распаўсюдам каронавіруса.

«А была? Палітыка была? Я не заўважыў…»

«І ў школах асаблівага кантролю не было».

«У калектыве 16 чалавек хварэлі. І ўсё нармальна».

«Хутчэй была маска, што вялася барацьба, таму што захварэла вельмі шмат людзей, захады прымаліся вельмі позна, у выніку мы мелі вялікія страты, у тым ліку фінансавыя», – кажуць жыхары Віцебска, дзе адбылася першая моцная ў Беларусі ўспышка каронавіруса.

Але перадусім чалавечыя страты. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад COVID-19 памерла 1921 асоба. Адмыслоўцы мяркуюць, што ўлады занізілі лічбу прынамсі ў 10 разоў.

«У першую хвалю эпідэміі яны малявалі не больш за 7 смерцяў, у другую не больш за 10–11. Гэта штучныя парогі, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Сапраўдная колькасць смерцяў за мінулы год можа сягаць 20 тысячаў і нават болей», кажа на падставе ўласных даследаванняў Андрэй Елісееў, эксперт «EAST CENTER», ISANS.

А гэта значыць, што Беларусь можна лічыць адной з найбольш пацярпелых ад каронавіруса краінаў.

Вольга Старасціна, «Белсат