21 год таму выкралі генерала і палітыка Юрыя Захаранку


Юрый Захаранка знік у ваколіцах вуліцы Магілёўскай, што ў цэнтры Менску. Палітыка выкралі па дарозе дадому раннім вечарам дваццаць адзін год таму.

Генерал міліцыі, міністр унутраных справаў Беларусі. Акрамя высокага звання і пасады Юрый Захаранка быў чалавекам выключнай годнасці ды высокіх маральных якасцяў, сцвярджаюць ягоныя паплечнікі.

«Захаранка быў чалавек маральны. І ў гэтым сэнсе я разумею, што калі Лукашэнка сказаў: «Ты павінны выканаць любы мой загад», то Захаранка адказаў: «Я ў людзей страляць не буду». У яго была такая мараль, што не загады выконваюцца, а законы выконваюцца», – узгадвае падпалокоўнік КДБ у адстаўцы Валеры Костка.

Кіраўнік краіны звольніў Юрыя Захаранку з пасады міністра і пазбавіў генеральскага звання. Неўзабаве былы міністр стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Ён быў адным з самых папулярных людзей. Я думаю, што ягоная папулярнасць у пэўным сэнсе яго і згубіла. Бо калі ён пачаў ствараць грамадскую арганізацыю, у якую сотнямі пайшлі былыя вайскоўцы: былыя міліцыянты, былыя армейцы, – то, канечне, гэта палохала ўладу», – мяркуе былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Планам Юрыя Захаранкі стварыць альтэрнатыўнае ўладам сілавое згуртаванне не наканавана было збыцца: палітыка выкралі, і ён бясследна знік 7 траўня 1999 года. Летась былы супрацоўнік міліцэйскага спецпадраздзялення Юрый Гараўскі заявіў, што браў удзел у выкраданні і прысутнічаў пры забойстве Юрыя Захаранкі.

«У следства ёсць моцныя прылады і магчымасці ўсё гэта расследаваць. Але ж мы разумеем, што гэта нявыгадна Лукашэнку і ўсёй найвышэйшай уладзе. Бо тады прыйдзецца альбо пацвердзіць паказанні Гараўскага, альбо прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці за паклёп», – кажа юрыдычны прадстаўнік сям’і Захаранкаў Алег Волчак.

Пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі, а таксама іншых палітыкаў раней заяўляў былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў. Расследаваць справы іх знікнення два дзясяткі гадоў патрабуе беларуская і міжнародная дэмакратычная супольнасць. Аднак толькі на распараджэнне найвышэйшых уладаў Беларусі праўда замоўчваецца, хоць усе акалічнасці злачынства дасканала вядомыя, заяўляюць адмыслоўцы.

«Маюцца дакладныя доказы пра ўдзельнікаў гэтага злачынства, пры якіх абставінах яно было ўчыненае, хто з’яўляецца арганізатарам, хто з’яўляецца выканаўцам гэтага злавеснага і трагічнага злачынства. І хто нясе персанальную адказнасць за гэтыя злачынствы», – заяўляе старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.

Сям’я Юрыя Захаранкі з мэтаю бяспекі пакінула Беларусь. Маці Ульяна Захаранка памерла на 95-м годзе жыцця, так і не дачакаўшыся праўды пра лёс свайго сына.

Галіна Абакунчык, «Белсат»