Вадзіму Ермашуку прысудзілі 3 гады калоніі


Тры гады калоніі за нібыта абразу Лукашэнкі. У судзе Шчучынскага раёну суддзя Дзмітрый Цівунчык вынес прысуд гарадзенскаму блогеру Вадзіму Ермашуку, вядомаму як Вадзімаці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Абраза прэзідэнта» і «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Гэтак афіцыйна гучаць артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх Вадзіму Ермашуку прысудзілі тры гады зняволення. Абразлівымі суд палічыў каментары блогера пад фотаздымкамі Лукашэнкі: «нелігытымны прэзідэнт», «апошні дыктатар Еўропы» і «пацучыны кароль», а таксама сторыз у «Інстаграме», дзе Вадзімаці называе чырвона-зялёны сцяг «кавалкам анучы».

«Вадзіма я асабіста ведаю, і тое, што яму сёння далі тры гады, для яго, напэўна, удар – для нас таксама. Ніхто не чакаў, што за словы, за тое, што ты кажаш, што не трэба так рабіць, даюць вось тры гады. Ніхто не верыць у Горадні, што ён прасядзіць увесь гэты час. Мы спадзяёмся, што хутка ўбачымся», – пракаментаваў прысуд журналіст «Hrodna.life» Руслан Кулевіч.

Сёння ж беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі яшчэ 6 зняволеных. Сярод іх – старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітыка абвінавачваюць у дзеяннях, учыненых з мэтаю захопу дзяржаўнай улады. Ён застаецца пад вартаю ўжо больш за 8 месяцаў і мае анкалагічную хваробу. Усяго цяпер у Беларусі – 933 вязні, прызнаныя палітычнымі.

«Пастанова аб прызнанні Рыгора Кастусёва палітвязнем была прынятая найперш у сувязі са станам ягонага здароўя, які паказвае, што яму неабходна быць на волі. Мы проста, як праваабаронцы, разумеем, што трыманне чалавека з цяжкім дыягназам ва ўмовах пенітэнцыярных установаў на практыцы азначае дадатковыя пакуты і непасрэдную пагрозу ягонаму жыццю», – лічыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Тым часам палітзняволеная Сафія Сапега, якую затрымалі разам з Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце сёлета ў траўні, напісала прашэнне аб памілаванні. Пра гэта паведаміў айчым дзяўчыны. Сафію Сапегу абвінавачваюць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Наста Печанькова, «Белсат»