Што будзе з АЭС у Беларусі?


Бадай самы скандальны праект у Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе – гэта Астравецкая атамная электрастанцыя. Насуперак абяцанням уладаў, замест энэргетычнай незалежнасці і бесперабойнай крыніцы даходаў у айчынны бюджэт, АЭС сталася бесперабойнай крынічай стратаў і смяротнай пагрозай нацыянальнага і міжнароднага маштабу. Чарговы выпуск праграмы «Давайце разбірацца», які выйшаў у эфіры «Белсату» сёння, асвятляе далёка не самы прывабны і без перабольшання страшны бок першай беларускай атамнай электрастанцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першая Беларуская АЭС працуе ўсяго толькі год… Стоп, нават гэты просты сказ вымагае ўдакладненняў. За гэты год станцыя пад Астраўцом ужо адключалася прынамсі восем разоў ды прастойвала агулам каля 40 адсоткаў свайго працоўнага часу. Паводле новага расследавання, падрыхтаванага камандай Беларускага расследвальніцкага цэнтру, інакш быць і не магло: на аб’екце, дзе з меркаванняў бяспекі ўсё мусіць працаваць бездакорна, цяжка знайсці хоць штосьці бездакорнае.

«Дзякуючы эксклюзіўнаму зліву ад кіберпартызанаў, у нашым распараджэнні апынуліся, скажам так, недаробкі на Астравецкай АЭС. Гэты спіс – гэта плюс-мінус 18 тысяч ад розных службаў, такіх як МНС, Дзяржбуднагляд, Дзяржатамнагляд. І яны датычацца дапаможных сістэм энэргаблоку і пусканаладачных работ», – распавядае суаўтарка расследавання Ксенія Вязнікоўцава.

Аўтары расследавання адзначаюць, што да снежня сёлета гэты спіс усё-ткі скараціўся – да трох тысяч недахопаў, але і гэтая лічба не гарантуе, што неўзабаве станцыю не давядзецца адключыць зноўку. Таксама журналісты падазраюць, што падобны спіс існуе і па іншых пазіцыях, у тым ліку – па атамным рэактары.

«Асабліва трывогу выклікае сістэма пажаратушэння. Напрыклад, у будынку паравой камеры, якая адказвае за радыяцыйную бяспеку, зараз гэтая сістэма не працуе ўвогуле! Але там цячэ дах, які ніхто рамантаваць не спяшаецца. Я не ведаю, мабыць, гэта нейкая альтэрнатыва на выпадак пажару», – сумна жартуе Ксенія Вязнікоўцава.

Над расследаваннем каманда БРЦ працавала амаль чатыры месяцы ды паразмаўляла за гэты час з шэрагам экспертаў у ядравай энэргетыцы з розных краінаў. У выніку, нашыя калегі ўпэўнена сцвярджаюць, што сёння на Астравецкай АЭС непрацаздольныя цэлыя сістэмы. У прыватнасці, эксперты налічылі ажно 60 заўвагаў што да працы рэзервова-дызельнай электрастанцыі, якая мусіць забяспечваць працу АЭС нават у выпадку поўнай непрацаздольнасці апошняе, да прыкладу, у выпадку пажару, паводкі ці іншай надзвычайнай сітуацыі. З-за праблемаў з каналамі сувязі, у выпадку надзвычайнага здарэння гэтая рэзервова-дызельная станцыя папросту своечасова не ўключыцца.

«Калі мы прыгадаем гісторыю з японскай атамнай станцыяй “Фукусіма”, якая выбухнула, бо яе затапіла – гэта адбылося таму, што спачатку быў дрэнна зроблены праект і ён не ўлічваў гэтых параметраў», – тлумачыць суаўтарка расследавання.

Зрэшты, акрамя крыніцы пастаяннай смяротнай небяспекі Астравецкая АЭС ужо сёння з’яўляецца для беларусаў і сапраўднай «чорнай дзіркай», у якую вылятаюць нашыя грошы. Кожны дзень вымушанага прастою аднаго з рэактараў (а іх з 365-ці было ажно 149) абыходзіцца ў 2.34 мільёны долараў ЗША стратаў. То бок агулам замест маляваных уладамі казачных прыбыткаў толькі за прастой станцыі мы з вамі заплацілі амаль 350 мільёнаў долараў.

«Усе прастоі як мы палічылі, абыходзяцца ў мільёны долараў, якія беларусы зараз аддаюць на тое, каб яе рамантаваць, праводзіць усе гэтыя пусканаладачныя работы. Мы павінны аддаваць гэты крэдыт у дзесяць мільярдаў долараў. Плюс мы закупляем уран у Расеі. І нельга казаць, што Беларусь стала незалежнай ад Расеі», – канстатуе Ксенія Вязнікоўцава.

Паўтор праграмы «Давайце разбірацца» з новым расследаваннем, датычным Астравецкай атамнай электрастанцыі глядзіце ў эфіры «Белсату» сёння за дзесяць на другую ўначы альбо шукайце на нашым сайце і Ютуб-каналах.

Валера Руселік, «Белсат»