Рэжым цягне з публікацыяй праекту Канстытуцыі

Да рэферэндуму па змене Канстытуцыі, які рэжым анансаваў на люты, застаецца ўсё менш часу. Аднак па сённяшні дзень афіцыйна не абвесцілі дату рэферэндуму, невядомы і тэкст зменаў у Асноўны закон.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

Тэкст новай Канстытуцыі абяцалі апублікаваць да 7 лістапада, потым да пачатку снежня, пасля Лукашэнка заявіў, што апублікуюць да новага года.

«Ён будзе цягнуць да апошняга, магчыма, на нейкае грамадскае абмеркаванне вынесуць, але трэба разумець, што ніякай дыскусіі ў грамадстве шырокай, як гэта мяркуецца, з дэбатамі, як гэта было на рэферэндуме наконт выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу, не будзе», – перакананы палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Плебісцыт улады анансавалі на люты. Яго правядзенне можа быць звязанае з атрыманнем расейскіх грошай, мяркуе Дзмітрый Балкунец. Менск ужо заявіў, што папросіць у Масквы чарговую пазыку ў тры з паловаю мільярда долараў.

«Некаторыя крэдыты, што Беларусь запытвае, могуць быць завязаныя на правядзенне канстытуцыйнай рэформы і транзіту ўлады ў Беларусі. Лукашэнка стаў надзвычай таксічным для расейскага буйнога бізнесу. Гэта адкрыта прызнаецца», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Ролю Крамля ў зменах Беларусі сёння абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі, прысвечанай канстытуцыйнай рэформе.

«Цяпер, калі Лукашэнка губляе суб’ектнасць, ёсць рызыка, што гэтую суб’ектнасць падхопіць Крэмль, што было б для нас непрымальным. За Беларусь мусяць адказваць беларусы, яны мусяць вызначаць, куды, у які бок ісці, якія каштоўнасці імплементаваць у нашым жыцці», – лічыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

У адрозненне ад уладаў, грамадская група распрацоўвае праект новай Канстытуцыі адкрыта. Тэкст дакументу выкладзены на сайце Канстытуцыя-кропка-онлайн.

«Не Лукашэнку мяняць канстытуцыйную сістэму Беларусі, не яму перапісваць Канстытуцыю. Толькі тады, калі ён пойдзе, толькі тады, калі пройдуць свабодныя выбары, толькі тады мы зможам распрацаваць і прыняць нашую новую Канстытуцыю», – падкрэсліў кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Пакуль жа рэпрэсіі, разгорнутыя ўладамі супраць уласнага народу, пахавалі ўсе канстытуцыйныя правы і свабоды беларусаў.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама