«Беларуськалій» пагражае судамі Літве

Сёння мытня Латвіі не пусціла на тэрыторыю краіны амаль чатырыста тонаў беларускіх нафтапрадуктаў. Між тым Беларусь пагражае іншай балтыйскай краіне Літве судовым пазовам. Беларуская калійная кампанія можа падаць у суд на Літву ў выпадку спынення транзіту калійных угнаенняў праз літоўскую тэрыторыю. Са словаў прадстаўніцы БКК Ірыны Саўчанкі, судовыя прэтэнзіі могуць выставіць і кампаніі-пакупнікі калію.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Ірыны Саўчанкі, санкцыі ЗША, што ўвайшлі ў сілу 8-га снежня, не датычаць узаемаадносінаў БКК і «Беларуськалію» з Літоўскай чыгункаю. Да таго ж раней Мінфін ЗША выдаў генеральную ліцэнзію на завяршэнне кантрактаў з БКК, дзейную да 1-га красавіка.

«Палітычная воля спыніць транзіт ёсць. Трошкі адстае рэалізацыя гэтага рашэння. Некаторыя нашыя палітыкі думалі, што ўвядзення санкцый ЗША спрацуе само. Але апынулася, што некаторыя крокі літоўскія палітыкі мусяць зрабіць самастойна», – распавядае літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

У выпадку спынення транзіту ўгнаенняў Беларусь са свайго боку можа цалкам спыніць транспартаванне грузаў у Літву. Ці будзе гэта моцным ударам па эканоміцы нашае суседкі, як гэта сцвярджаюць у Беларусі?

«Тавараабарот Літвы з Беларуссю складае каля трох адсоткаў, гэта не вялікі кавалак літоўскай гаспадаркі і Літва ў любым выпадку спакойна справіцца ў выпадку спынення руху тавараў паміж краінамі. Страты атрымаюць дзяржаўная чыгунка і порт у Клайпедзе. Як раз гэтыя дзве інстытуцыі наймацней супраціўляюцца санкцыям. Асабліва порт, адзін тэрмінал якога належыць Беларусі», – кажа Барташ Хмелеўскі, рэдактар польскага выдання «Przegląd Bałtycki».

Цяпер літоўскі ўрад разглядае магчымасць кампенсацыі стратаў для чыгункі і порту, а вось варыянты альтэрнатыўных шляхоў продажу прадукцыі «Беларуськалію» застаюцца няяснымі. Расейскія порты, пра якія раней казаў Лукашэнка, папросту ня маюць адпаведных магутнасцяў. Не атрымаецца гандляваць каліем і праз порт у Вэнтспілсе. Улады Латвіі ўвялі забарону транзіту прадукцыі ўсіх беларускіх падсанкцыйных прадпрыемстваў. Пакуль часовую, да пятнаццатага студзеня.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама