Адбыўся чарговы правал у IT

Мінула чатыры гады, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў прагрэсіўны Дэкрэт № 8 аб развіцці лічбавай эканомікі. Створаны камандаю былога прэм’ера Сяргея Румаса праект меўся стварыць унікальныя ўмовы для майнінгавых кампаніяў, даваў правы крыптавалютам і токенам, нізкія падаткі – IT-кампаніям, абяцаў будучыню інвестарам. Якія задачы ўдалося ажыццявіць, якія не – і чаму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«IT-краіна» – праграма стварэння ў Беларусі сучаснай лічбавай эканомікі – выдатна развіваецца ў інфармацыйна-камунікацыйным кірунку – карыстальнікаў інтэрнэту большае, інфраструктура – паляпшацца. Другі кірунак – непасрэдна ІТ, таксама расце – кажа рэлакаваны ў Кіеў ІТ-спецыяліст Аляксей Буль:

«Гэта рост колькасны, а не якасны, бо нейкіх новых супер адкрыццяў у нас няма, новых патэнтаў мы не атрымліваем. Колькасць людзей, якія працуюць у ІТ расце, але зноў жа – праслойка дасведчаных спецыялістаў, якія маглі б займацца інавацыямі – яна зʼязджае».

На фоне паслявыбарчых рэпрэсіяў Беларусь рэзка пакінулі кампаніі, дзейнасць якіх не была прывязаная да месца. Але шмат дасведчаных прадпрымальнікаў і ментараў мусілі падрыхтавацца да змены прапіскі – кажа Аляксей. Зялёным святлом для іх стаўся правал трэцяга (які ў свеце лічаць самым важным) кірунку развіцця лічбавай эканомікі. Гэта кантэнт і СМІ.

«Мы ў гэтым прайграем цалкам і нават дэградуем. Бо, па-першае, закрылася самае вялікае і папулярнае лічбавае СМІ ў Беларусі – гэта ТUT.BY. Гэта вялікі ўдар па лічбавай эканоміцы. За любую крэатыўнасць ты можаш атрымаць тэрмін у Беларусі. Гэта ўсё вядзе да таго, што беларускі кантэнт робіцца папросту стэрыльным, нікому не цікавым», – канстатуе Аляксей Буль.

Не дзеля гэтага чатыры гады таму эканамісты-лібералы стварылі Дэкрэт № 8 аб развіцці лічбавай эканомікі. Ён меўся прывабіць у краіну нарацыйныя міжнародныя кампаніі: распрацоўнікаў беспілотнага транспарту, штучнага інтэлекту, тэхналогіі блокчэйн і лічбавай валюты.

Але ў наступныя гады дэкрэт аброс дадатковымі актамі, якія абмяжоўваюць яго выкананне. У выніку не замежнікі, а беларусы з менш прыбытковых сектараў эканомікі імкнуць перапрафілявацца ў айцішнікі.

«Хто тут больш губляе – гэта тыя прадпрыемствы, з якіх сыходзяць спецыялісты, каб перайсці ў ІТ. Гэта не толькі нейкія там дзяржаўныя праграмісты, але дактары, настаўнікі і ўсе, хто больш-менш ангельскую мову ведае», – ананімна пракаментаваў адмысловец у галіне ІТ.

На графіку ВУП Беларусі за 2020 год, апроч «салянкі» іншых відаў дзейнасці. Інфармацыя і сувязь на трэцім месцы – 7,3 % ВУП. Па выніках 2021 года доля прыбыткаў ІТ сектару можа стаць большаю, чым у будаўнічай і сельгас-галіне разам узятых. Паводле некаторых ацэнак, гаспадарка прасядзе з 6,8 % летась – нават да 3 % ВУП – сёлета.

«Гэты сектар для Беларусі ўжо важнейшы, чым гэтыя два традыцыйныя сектары. А калі ўзгадаем, колькі народных грошай выдаткоўваецца на тое, каб падтрымаць сельскую гаспадарку і будаўніцтва», чуем ад Аляксандра Кныровіча са стартап-хабу «Імагуру».

Дэкрэт № 8 меўся стварыць клімат для распрацоўнікаў уласных лічбавых прадуктаў і платформаў. Стрымала працэс прававая сітуацыя. А на пачатку года – з 9 % да 13 % павысілі падатак, які абяцалі не чапаць.

«Канешне там застануцца толькі тыя людзі, якія працуюць паводле аутсорсінгавай мадэлі. Бо яна бяспечная. Бо сёння ў вас працуюць людзі, сёння вы плаціце падаткі, а заўтра пры змяненні ўмоваў можаце перайсці ў іншыя юрысдыкцыі», – рэзюмуе Аляксандр Кныровіч.

Іншыя сурʼёзна настроеныя на рост кампаніі – сапраўды паволі пераносяць бізнес за мяжу. Найбольш – у Грузію, Украіну, Літву, Польшчу, якія саступаюць у падатковых умовах, але даюць прадказальную перспектыву.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама