Такаеў перамог у нікога


«Элегантная» перамога на прэзідэнцкіх выбарах. Дзейны кіраўнік дзяржавы афіцыйна атрымаў больш за 80 адсоткаў галасоў. Выбары ў Казахстане адчувальна адрозніваюцца ад нашых, але па сутнасці адбылася безальтэрнатыўная перадача ўлады. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ ацаніла падлік галасоў, як кепскі, у больш чым палове выпадкаў. БДІПЧ АБСЕ падкрэслівае, што Казахстану неабходныя рэформы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Казахстан пераабраў дзейнага прэзідэнта. Цэнтрвыбаркам паведаміў пра яўку амаль 70% выбарнікаў і пра разгромную перамогу Касым-Жамарта Такаева на датэрміновых выбарах.

«За Такаева Касым-Жамарта Кемелевіча 6 456 392 чалавекі, або 81,31%», – падсумаваў старшыня казахстанскага Цэнтрвыбаркаму Нурлан Эбдыраў.

Незвычайная для беларусаў карціна – нікога не гоняць на датэрміновае галасаванне, усе ўрны для бюлетэняў могуць быць празрыстымі, а на вуліцах свабодна вісяць агітацыйныя плакаты за іншых кандыдатаў. Праўда, супернікі Такаева, якія набралі па 2–3 адсоткі галасоў, былі не вядомыя грамадзянам, пакуль Такаеў не прызначыў выбары. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ адзначае, што ў Такаева не было сапраўдных канкурэнтаў. А грамадзяне як не маглі, так і не могуць у поўнай ступені ўдзельнічаць у палітычным жыцці Казахстану.

«Свабода слова і доступ да інфармацыі, гарантаваныя Канстытуцыяй, абмежаваныя рэстрыктыўнай нарматыўна-прававою базай і яе нераўнамерным ужываннем. У спалучэнні з выпадкамі запужвання і нападаў на журналістаў гэта прыводзіць да самацэнзуры і адсутнасці шчыльнай увагі да выбараў», – заявілі ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ.

Паводле БДІПЧ АБСЕ, незалежныя кандыдаты не маглі балатавацца на прэзідэнцтва, а патрабаванні да кандыдатаў у адукацыі, месца жыхарства, досведу працы на дзяржаўнай службе супярэчаць і абавязальніцтвам Казахстану ў АБСЕ, і міжнародным стандартам.

Вось што кажуць жыхары Казахстану:

«За Такаева, проста я іншых не ведаю».

«Тое, што ён праводзіць міралюбівую палітыку, нейтралітэт, супакойвае народ».

«Засмучаюць студзеньскія падзеі. Засталося шмат пытанняў».

«Пасля таго, што адбылося ў студзені, сорамна называць Такаева прэзідэнтам. Маё меркаванне пра яго змянілася, калі ён загадаў страляць па ўласным народзе. Такаеў быў прэзідэнтам тры гады, і я пакуль не бачыла ніякіх зменаў. Няма падтрымкі казахскай мовы, няма справядлівага грамадства, пра якое людзі прасілі. Гэта будуць нелегітымныя выбары нелегітымнага прэзідэнта, нашыя галасы скрадуць».

Касым-Жамарт Такаеў ужо атрымаў віншаванні ад Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Эмамалі Рахмона і Сі Цзінь Піна.

«Мы галасуем за светлую будучыню Казахстану. Год быў няпросты, але наш народ згуртаваўся і пераадолеў усе цяжкасці», – заявіў Такаеў падчас галасавання.

Няпросты год – так Такаеў акрэсліў масавыя катаванні ды забойства сваіх грамадзянаў у студзені. Тады сілавікі, верныя прэзідэнту, са зброяй разганялі пратэсты, звязаныя з узроўнем жыцця. Сутыкненні з паліцыяй тады перараслі ў перастрэлкі. Затрыманых збівалі на горкі яблык, катаваннямі прымушалі прызнавацца ў тэрарыстычных дзеяннях на карысць іншых дзяржаваў.

«Я аддаў загад праваахоўным органам і арміі адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання.Нам давялося мець справу з узброенымі і падрыхтаванымі бандытамі, як мясцовымі, так і замежнымі. Падкрэсліваю: з бандытамі і тэрарыстамі. Таму іх трэба знішчаць. І гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час», – казаў Такаеў у звароце да нацыі ў студзені.

Праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» зафіксавала празмернае ўжыванне сілы. Афіцыйна тады загінулі 232 чалавекі. Мясцовыя праваабаронцы кажуць, што лічбы заніжаныя. Каб утрымаць уладу, Касым-Жамарт Такаеў папрасіў АДКБ – вайсковы саюз, дэ-факта кіраваны Расеяй – аб уводзе войскаў.

«Пра рэформы ён кажа з 2019 года, і пакуль кардынальных пераменаў, якія б перафарматавалі аўтарытарны рэжым у Казахстане, я не назіраю і не лічу, што іх можна чакаць ад Такаева», – мяркуе палітолаг Віктар Каўтуноўскі.

Як адзначыў Віктар Каўтуноўскі, цяпер Такаеў будзе рабіць усё, каб захаваць уладу. Пры гэтым асноўная пагроза для яго – не апазіцыя, а слабая эканоміка. Ну і знешняя пагроза з боку «гібрыднага саюзніка», Расеі. Бо Масква, хоць і падтрымала Такаева ў студзені, будзе спрабаваць узяць палітыку Казахстану пад кантроль.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»